У Маскве на Краснай плошчы затрымалі дэманстрантаў
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
25.08.2018 16:30
Маскоўская паліцыя арыштавала ўдзельнікаў акцыі ў памяць пра пікет 1968 года супраць уводу савецкіх войск у Чэхаславакію.
Красная плошча ў Маскве
Паліцыя затрымала ў Маскве на Краснай плошчы траіх чалавек, якія прыйшлі сюды, каб нагадаць пра дэманстрацыю дысыдэнтаў, што адбылася 50 гадоў таму супраць уводу войск Варшаўскага дагавора ў Чэхаславакію. Усяго ў памятнай акцыі прынялі ўдзел каля 30 чалавек.
Дэманстранты прыйшлі да Лобнага месца, дзе 25 жніўня 1968 года сем савецкіх дысыдэнтаў прадэманстравалі свой пратэст супраць умяшаньня Масквы ва ўнутраныя справы Чэхаславакіі.
Расейская паліцыя затрымала дваіх чалавек, якія спрабавалі разгарнуць плякат зь лёзунгам, ідэнтычным таму, што быў напісаны паўстагодзьдзя таму: «За нашу і вашу свабоду!». Адным з затрыманых, якіх даставілі ў паліцэйскі ўчастак, зьяўляецца апазыцыйны палітык Леанід Гозман.
Пазьней паліцэйскія таксама затрымалі Анну Красавіцкую, унучку паэтэсы Натальлі Гарбанеўскай, якая ўдзельнічала ў дэманстрацыі 1968 года. Красавіцкая трымала плякат з патрабаваньнем вызваліць з турмы ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова.
25 жніўня на Краснай плошчы праходзіць міжнародны фэстываль вайсковай музыкі «Спаская вежа». Для абароны грамадзкага парадку на час правядзеньня мерапрыемства мабілізаваны паліцыя і нацыянальная гвардыя.
IAR/вк