Расейцы называюць роднай татарскую мову
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
16.08.2018 15:00
У Татарстане змагаюцца супраць русіфікацыі школ.
Казань — сталіца ТатарстанаФота: pixabay.com/Public Domain CC0
69% бацькоў у Татарстане выбралі татарскую мову ў якасьці роднай для сваіх дзяцей-школьнікаў, яшчэ 29% — расейскую. Пра гэта паведаміў дэпутат расейскага парлямэнта ад Татарстана Ільдар Гільмутдзінаў.
У Татарстане працэнтная доля татарскага і расейскага насельніцтва іншая — татар у рэспубліцы ўсяго каля 53%, а расейцаў — каля 40%.
Расейскі парлямэнт ухваліў закон аб вывучэньні родных моў, у адпаведнасьці зь якім афіцыйныя мовы нацыянальных рэспублік перастануць быць абавязковымі прадметамі і пяройдуць у неабавязковую частку школьнай праграмы.
Напрыклад, у Татарстане выкладаць татарскую мову будуць на факультатывах толькі тым школьнікам, для якіх гэта мова зьяўляецца роднай.
Актывісты і бацькі школьнікаў у расейскіх рэспубліках асьцерагаюцца, што гэта можа выклікаць незваротныя наступствы для нацыянальных моў, бо бацькі ў якасьці роднай мовы будуць выбіраць расейскую мову, каб спрасціць дзіцяці падрыхтоўку да ўступных экзаменаў.
Аднак як татарскія бацькі (у тым ліку расейцы па нацыянальнасьці), так і татарскія ўлады не зьбіраюцца здавацца пад ціскам Масквы.
Nn.by/вк