Logo Polskiego Radia
Print

У Вугоршчыне забаранілі пратэсты ля дамоў палітыкаў

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 23.07.2018 12:54
Парлямэнт Вугоршчыны ўвёў кару за бяздомнасьць і дапамогу мігрантам, якія прыбылі праз Сэрбію і Турцыю.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com/Public Domain CC0

Вугорскі парлямэнт пайшоў на канікулы. Але перад гэтым ухваліў некалькі законаў, якія могуць стварыць Будапэшту чарговыя праблемы ў адносінах з Эўрапейскім зьвязам.

Напрыклад, 20 ліпеня афіцыйна была абвешчана нелегальнай бяздомнасьць. За гэта можна будзе трапіць нават у турму. Праўда, дзяржава абяцае дапамагаць бяздомным. Але пакуль што выразна не фармулюецца, чым канкрэтна. Магчыма, бяздомных будуць выкарыстоўваць на прымусовых грамадзкіх работах. Цяпер гэта зьяўляецца галоўнай формай працаўладкаваньня бедных людзей.

Няўрадавыя арганізацыі ў Вугоршчыне, якія дапамагаюць мігрантам, будуць плаціць 25-працэнтны падатак ад ахвяраваньняў, якія атрымліваюць на сваю дзейнасьць. Такое патрабаваньне зьмешчана ў яшчэ адным новым законе. Грошы ад падатку будуць накіроўвацца на ўзмацненьне вугорска-сэрбскай граніцы.

У дадатак, за падтрымку нелегальнай міграцыі дзяржава ўводзіць пакараньне зьняволеньнем да аднаго года. Гэта павінна стрымаць няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца мігрантамі. Таксама ў законе гаворыцца пра тое, што ў Вугоршчыне ня можа папрасіць прытулак чалавек, які прыехаў сюды празь дзяржавы, якія лічацца бясьпечнымі — праз Турцыю або Сэрбію.

Яшчэ адзін закон, прыняты парлямэнтам, забараняе акцыі пратэсту каля жылых дамоў палітыкаў. Гэта пагражае турмой на два гады. Што цікава, гэты закон напісала кіруючая партыя “Фідэш”, але яго падтрымала і апазыцыя.

Dziennik Gazeta Prawna/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт