У Абу-Дабі копію кнігі Капэрніка купілі за тысячы эўра
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
03.05.2018 17:02
На выстаўцы спрабавалі набыць нават рарытэты з Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота Gellinger/pixabay.com.Photo: Gellinger/pixabay.com/CC0 Public Domain
Польская кніга была шырока прадстаўлена на кніжным кірмашы ў Абу-Дабі — сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Пра выстаўку паведамляе газэта Rzeczpospolita.
Асаблівую ўвагу чытачоў з арабскага сьвету прыцягнулі дакладныя копіі кніг Мікалая Капэрніка і працы Вацлава Жавускага — пра арабскіх коней. Не зьбянтэжыла наведвальнікаў нават цана такіх выданьняў — ад 5 да 10 тысяч эўра.
Цікава, што арабскія пакупнікі нават настойліва спрабавалі набыць экспанаты, якія прывезла на выстаўку Нацыянальная бібліятэка Польшчы.
На польскім стэндзе таксама карысталіся папулярнасьцю заняткі для дзяцей і прэзэнтацыя польскай кухні.
На сёлетні кірмаш прыехалі выхадцы з Сырыі, Ірака, якія жывуць у Польшчы і вывучаюць культурныя сувязі з арабскім сьветам. Агнешка Пятроўска, якая ўжо шэсьць гадоў жыве ў Каіры, прадставіла пераклады на арабскую мову твораў Вітальда Гамбровіча.
Кніжны кірмаш у Абу-Дабі — самы вялікі ў арабскім сьвеце. Патэнцыяльная колькасьць чытачоў выдавецтваў, якія тут выстаўляюцца — 300 мільёнаў чалавек. Праўда, у сувязі з ваеннымі дзеяньнямі ў некалькіх арабскіх краінах сёлета многім не да кніг.
Нягледзячы на тое, што ў арабскім сьвеце існуе многа забарон, тым ня менш, на выстаўцы можна было купіць творы Маркса і Ніцшэ, біяграфію Ўладзіміра Пуціна і побач — кнігу футбольнага трэнэра Жазэ Маўрыньё.
Rzeczpospolita/вк