Пачалі зьяўляцца пастановачныя відэа аб нападах на беларусаў у Чарнігаве
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
19.04.2018 08:19
Прарасейскія сілы працягваюць ствараць інфармацыйныя нагоды, каб супрацьпаставіць украінцаў беларусам.
Screen www.nn.by
Пачалі зьяўляцца пастановачныя відэа аб нападах на беларусаў у Чарнігаве, паведамляе сайт «Нашай нівы».
Прарасейскія сілы працягваюць ствараць інфармацыйныя нагоды, здольныя супрацьпаставіць украінцаў беларусам.
У пачатку месяца гэта былі радыкальныя антыбеларускія надпісы на шапіках у Чарнігаве, пра якія паведамлялі чарнасоценскія рэсурсы.
Сваіх мэтаў правакацыя не дасягнула, і зацікаўленыя асобы зьнялі пастановачныя відэа «рэйдаў на беларусаў».
«Сустрэў беларуса – «прывітай» і адпраў яго да бацькі», – з грубымі граматычнымі памылкамі пішуць аўтары ў назве відэа. Усяго зьявілася два ролікі.
На першым відэа ў кадр трапіла машына на беларускіх нумарах з закрытымі дзьвярыма, каля яе – чалавек. Нічога ня сьведчыць пра на тое, што ён выйшаў з гэтай машыны ці яна яму належыць. На яго нападаюць, ён не аказвае супраціўленьня і падае, два чалавекі працягваюць наносіць удары: пры запаволеным праглядзе відаць, што «ўдары» наносяцца растапыранымі пальцамі, а не кулаком – гэта пастаноўка.
Другое відэа: двое ў кадры просяць чалавека, які сядзіць у машыне з беларускімі нумарамі, адкрыць акно, пырскаюць яму ў твар пярцовым балончыкам і сыходзяць са словамі «не прыяжджай сюды больш».
Аўтары не паказваюць свае твары. Відэа выкладзенае з акаўнту арганізацыі «Чарнігаўскі трызуб» – згадак у інтэрнэце пра такі рух няма. Але допісы ў сьвежаствораных сацыяльных сетках павінны стварыць уражаньне, што за гэтымі «нападамі» стаіць нейкая радыкальная ўкраінская арганізацыя.
Цікава, што менавіта ў Чарнігаве два дні таму СБУ выкрыла сетку прарасейскіх агентаў, якія займаліся распальваньнем міжнацыянальнай варожасьці – размалёўвалі сьцены дамоў і сынагог антысэміцкімі ды антыпольскімі надпісамі.
яс