Logo Polskiego Radia
Print

У Расеі ўжо сьвяткуюць перамогу Пуціна

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 28.02.2018 12:07
Хоць прэзыдэнцкія выбары яшчэ не адбыліся.
Foto: gettyimages.com

У суботу ў Маскве заплянаваны канцэрт, які ладзіцца, каб паказаць масавую грамадзкую падтрымку для Ўладзіміра Пуціна.

Незалежныя расейскія СМІ сьцьвярджаюць, што арганізатары змушаюць прыходзіць на канцэрт супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў. Яны нават маюць намер плаціць за іх прысутнасьць на імпрэзе.

Расейскія камэнтатары зазначаюць, што Крамлю залежыць, каб Уладзімір Пуцін перамог на прэзыдэнцкіх выбарах найбольшай колькасьцю галасоў пры максымальна высокай яўцы выбарцаў.

«Эхо Москвы» паведаміла, што за прысутнасьць на канцэрце можна будзе атрымаць 500 рублёў. Журналісты заяўляюць, што гаварылі зь людзьмі, якія пагадзіліся ўзяць грошы.

Таксама паведамляецца пра агітацыю, якая вядзецца ў сталічных каледжах і бюджэтных арганізацыях. Работнікаў гэтых устаноў і студэнтаў змушаюць ісьці на мітынг у падтрымку Ўладзіміра Пуціна.

Арганізацыя «Голас», што вядзе маніторынг выбараў у Расеі, паведамляла, што падобныя практыкі мелі месца падчас збору подпісаў за дзеючага прэзыдэнта. Скаргі на гэта падавалі сапернікі Ўладзіміра Пуціна, але Цэнтральная выбарчая камісія не рэагавала.

Прэзыдэнцкія выбары ў Расеі пройдуць 18 сакавіка. За найвышэйшую пасаду ў краіне змагаюцца восем кандыдатаў.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт