Logo Polskiego Radia
Print

"Сьпіс сяброў Пуціна" - бомба, якая ня выбухнула

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.01.2018 14:59
Адміністрацыя прэзыдэнта Трампа пастаралася зьменшыць ударную сілу дакладу.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Бомба, пры дапамозе якой амэрыканскі кангрэс хацеў ударыць у Крэмль, не ўзарвалася – піша «Dziennik. Gazeta Prawna» пра гэтак званы сьпіс «сяброў Уладзіміра Пуціна». Дакумэнт быў падрыхтаваны згодна зь мінулагоднім законам пра супрацьдзеяньне ворагам ЗША праз санкцыі. Ён павінен быў апісаць самых важных асоб у сфэры замежнай палітыкі РФ і алігархаў, іх набліжанасьць да расейскага рэжыму і маёнтак. Кангрэс пакінуў чыноўнікам магчымасьць накласьці грыф сакрэтнасьці на некаторыя фрагмэнты дакладу. І так сталася, але адміністрацыя Трампа вырашыла засакрэціць увесь дакумэнт, за выключэньнем сьпісу «сяброў Пуціна».

У першым сьпісе 114 прозьвішчаў – кіраўнікі адміністрацыі, міністры, дырэктары важных ведамстваў. У другім – 96 чалавек з ліку алігархаў, але гэта практычна сьпіс рэйтынгу мільярдэраў з выданьня «Форбс». СМІ мяркуюць, што ступень набліжанасьці да Крамля апісаная ў тайнай частцы дакладу. Тым часам расейскія ўлады жартуюць, што амэрыканскія спэцслужбы, стараючыся знайсьці кампрамат на расейскіх палітыкаў, проста перапісалі крамлёўскую тэлефонную кніжку.

Амэрыканская апазыцыя, дэмакраты баяліся, што адміністрацыя Трампа можа старацца зьменшыць ударную сілу дакладу, але мала хто спадзяваўся, што да такой ступені. Таму яны прадставілі некалькі тыдняў таму ўласны даклад, у якім апісана, як расейцы карыстаюцца дэмакратычнымі мэханізмамі ў Эўропе, каб дасягаць уласных мэтаў. Падрабязна апісаныя мэтады дэзінфармацыі, карумпаваньня чыноўнікаў і паглыбленьня ўнутраных палітычных падзелаў у розных краінах – ад Галяндыі па Грузію і Балканы. У дакладзе ідзе гаворка таксама пра газаправод Паўночны паток 2, які зьменшыць устойлівасьць Польшчы на энэргетычныя крызысы.

Dziennik. Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт