У Гандурасе ўведзена надзвычайнае становішча
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
02.12.2017 16:38
Такім чынам улады краіны адказалі на масавыя пратэсты супраць магчымых фальсыфікацыяў падчас выбараў.
PAP/EPA/GUSTAVO AMADOR
Улады Гандурасу ўвялі надзвычайнае становішча. Такім чынам урад хоча спыніць масавыя пратэсты і сутычкі, якія адбываюцца па ўсёй краіне пасьля нядаўніх выбараў прэзыдэнта.
Урад краіны ўвёў камэнданцкую гадзіну. Свабодна перамяшчацца па вуліцах забаронена ад 18 гадзіны вечара да 6 раніцы. Надзвычайнае становішча будзе дзейнічаць 10 дзён.
Дэманстранты пратэстуюць супраць пераабраньня прэзыдэнта Хуана Арлянда Эрнандэса (Juan Orlando Hernandez). Яны абвінавачваюць галаву дзяржавы ў фальсыфікацыі выбараў.
Дзяржаўная выбарчая камісія ўжо некалькі дзён не абвяшчае канчатковых вынікаў выбараў. Галоўным супернікам Хуана Эрнандэса ў прэзыдэнцкай гонцы зьяўляецца Сальвадор Насрала (Salvator Nasralla), які прадстаўляе левыя партыі, аб’яднаныя ў Саюз апазыцыі супраць дыктатуры.
Выбары ў Гандурасе прайшлі ў нядзелю 26 лістапада. Пасьля таго, як выбарчыя ўчасткі былі зачыненыя, абодва кандыдаты аб’явілі сябе пераможцамі.
IAR/ап