Logo Polskiego Radia
Print

Барацьба за Арктыку - расейцы перамагаюць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.10.2017 14:20
Расея паступае паводле прынцыпу «Чым больш хочаш, тым больш у канцы канцоў атрымаеш».
Photo: Pixabay.com/Martin Solhaug Standal/CC0 Creative Commons

Тыднёвае выданьне «Do Rzeczy» друкуе інтэрвію з Цімам Маршалам, брытанскім аналітыкам. Ён напісаў кнігу пра глябальную палітыку, у якой шмат увагі прысьвяціў барацьбе за Арктыку. Лёд пакрысе адступае, даючы доступ да вялізных прыродных багацьцяў. Там ёсьць вялікія залежы нафты, золата, цынку, нікелю і жалеза. Акрамя таго, на гэтай трасе грузавыя судны могуць ашчаджаць час, плывучы з Эўропы ў Кітай і назад. Водны шлях ужо неўзабаве будзе адкрыты нават два месцы ў год.

Хто прэтэндуе на ўладара Арктыкі? Без сумненьня, расейцы. Уладзімір Пуцін сказаў прама, што Расея трактуе нафтавыя залежы як стратэгічныя рэзэрвы. Расейцы маюць 32 ледаколы, у тым ліку шэсьць гігантаў з атамным рухавіком. Ніводная іншая дзяржава ня мае такога магутнага флёту.

Група расейскіх экспэртаў прапануе перайменаваць Арктыку ў Расейскі акіян. Расея ведае, што яна не атрымае права распараджацца цэлай Арктыкай, але яна паступае паводле прынцыпу «Чым больш хочаш, тым больш у канцы канцоў атрымаеш».

Расея вельмі сур’ёзна рыхтуецца да таго моманту, калі ёй прыйдзецца падтрымаць свае слоўныя аргумэнты з дапамогай войска. Нарвэгія, якая вядомая сваім пацыфізмам, фармуе свой уласны «арктычны батальён», але гэта дробязь у параўнаньні з арктычнай арміяй, якую стварае Расея.

Чаму амэрыканцы дазваляюць расейцам сябе апярэдзіць? На думку Ціма Маршала, ім было не да Арктыкі пасьля жахлівых тэрарыстычных атакаў 11 верасьня, і таму яны надта мала ўвагі прысьвяцілі тэме далёкай поўначы. Калі прагнозы пра таяньне лёду сябе апраўдаюць, то амэрыканцы хутка пашкадуюць свайго бязьдзеяньня. Дарэчы, для амэрыканцаў поўнач – скажам, Аляска, гэта вельмі далёкая і нецікавая тэма, у адрозьненьні ад расейцаў, для якіх поўнач зьяўляецца домам.

Ці ёсьць сэнс параўноўваць змаганьне імпэрый за Арктыку з той барацьбой, якая разыгралася ў 19-ым стагодзьдзі за Афрыку? На думку аналітыка, хутчэй не, паколькі цяпер існуе адмысловая Арктычная рада, у якой зацікаўленыя дзяржавы даволі цывілізаваным чынам прадстаўляюць свае аргумэнты. Але, магчыма, ня ўсе праблемы магчыма вырашыць мірным шляхам. У іншым выпадку расейцы не рыхтавалі б такога магутнага арктычнага арсэналу.

Do Rzeczy/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт