Logo Polskiego Radia
Print

Варшава прасоўвае ініцыятыву Рэгіёну Трох мораў на Балканах

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.10.2017 17:08
Кіраўнік Мінабароны Польшчы знаходзіцца зь візытам у балканскіх краінах.
Антоні Мацярэвіч (на першым пляне зьлева) і Олта Джачка (на першым пляне справа) Антоні Мацярэвіч (на першым пляне зьлева) і Олта Джачка (на першым пляне справа) PAP/Jakub Borowski

Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч сказаў, што польскія жаўнеры застануцца на Балканах. Пра гэта ён заявіў пасьля перамоў зь міністрам абароны Альбаніі Олтай Джачкай у Тыране. Нагадаем, на Балканах дыслакуецца некалькі сот польскіх жаўнераў і жандараў у рамках міратворчых місій.

Паводле словаў Мацярэвіча, гэты рэгіён Эўропы ў далейшым мае патрэбу ў падтрымцы міжнароднай супольнасьці.

У ходзе перамоў кіраўнікоў Мінабароны Польшчы й Альбаніі была закранутая тэма ініцыятывы Рэгіёну Трох мораў, якую прасоўвае Польшча. Яна заключаецца ў супрацы некаторых краін, якія знаходзяцца ў басэйне паміж трыма морамі: Балтыйскім, Чорным і Адрыятычным.
Паводле Мацярэвіча, Альбанія зь вялікім зацікаўленьнем адносіцца да ідэі супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы.

Падчас сустрэчы Антоні Мацярэвіч і Олта Джачка абмеркавалі, у прыватнасьці, пытаньні бясьпекі ў Эўропе й пагроз на ўсходнім флянгу НАТО. Польскі міністар падзякаваў Альбаніі за падтрымку батальёнаў баявой групы, якая дыслакуецца ў Латвіі і ў якой таксама выконваюць задачы польскія салдаты.

Антоні Мацярэвіч знаходзіцца на Балканах ад нядзелі. Візыт кіраўніка Мінабароны пачаўся з Харватыі. Наступным пунктам балканскай паездкі стане сустрэча зь кіраўніком Мінабароны Чарнагорыі.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт