Logo Polskiego Radia
Print

Расейскага палкоўніка абвінавачваюць у рэкордным хабары

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 28.09.2017 14:08
Афіцэра, які адказваў за пастаўку ў армію кухань, падазраюць у атрыманьні «адкату» у 5 млн. эўра.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Сьледчы камітэт Расеі расьсьледуе самы вялікі карупцыйны скандал у шэрагах арміі за апошнія гады – піша Gazeta Polska Codziennie. Галоўным падазраваным зьяўляецца палкоўнік Аляксандар Вакулін. Начальніка аддзелу тэхнічнага забесьпячэньня харчовага ўпраўленьня Мінабароны Расеі абвінавачваюць у тым, што пры выкананьні кантракту на пастаўку спецтэхнікі ён узяў хабар памерам больш за 5 мільёнаў эўра.

Палкоўнік, які адказваў за закупку кухань, пякарняў, мікрахвалёвых печак і цыстэрнаў для арміі, паводле вэрсіі сьледчых, атрымліваў грошы за тое, што аддаваў выгадныя кантракты фірмам, якія плацілі яму «адкаты». Сьледчыя зацікавіліся Вакуліным пасьля таго, як аказалася, што ў войскі патрапілі цыстэрны й палявыя кухні вельмі нізкай якасьці.

Да карупцыйнага скандалу Аляксандар Вакулін не выклікаў цікавасьці СМІ. Большую частку сваёй службы ён правёў у Калінінградзкай вобласьці. Яго лічылі надзвычай добрасумленным афіцэрам. Некаторыя меркавалі, што за сваю стараннасьць Вакулін неўзабаве атрымае павышэньне. Цяпер палкоўніку пагражае пазбаўленьне ўсіх званьняў і ўзнагародаў.

Gazeta Polska Codziennie/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт