Фіны не пусьцілі ў свой порт расейскага карабля
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
28.08.2017 14:43
Экіпаж Крузенштэрна хацеў наведаць порт Аландзкіх выспаў падчас манэўраў «Захад-2017».
commons.wikimedia.org/Antarigo из немецкой Википедии, CC BY-SA 3.0
Генэральны штаб фінскай арміі ня даў згоды на ўваход у порт Марыехамн расейскага вучэбнага паруснага карабля Крузенштэрн. Фіны не патлумачылі свайго рашэньня.
Экіпаж Крузенштэрна хацеў наведаць порт Аландзкіх выспаў падчас манэўраў «Захад-2017». Карабель павінен быў там знаходзіцца з 18 па 20 верасьня. Фінскія СМІ паведамляюць, што прадстаўнікі карабля накіравалі запыт ва ўпраўленьне порту Марыехамн у студзені. Аднак дата візыту ў порт была пададзена толькі летам.
Улады Аландзкіх выспаў спачатку ставіліся прыхільна. Яны меркавалі, што прыход Крузенштэрна ў Марыехамн павялічыць іх шанцы на арганізацыю The Tall Ships Races у 2021 годзе.
«Я ня веру, што дата візыту выбрана выпадкова. Расейцы пастаянна правяраюць нашыя рэакцыі. Гэта частка іх гульні. Яны хацелі ўбачыць, як фіны адрэагуюць на гэта», – сказаў у інтэрвію Польскаму радыё швэдзкі журналіст Патрык Аксанай, які займаецца палітыкай бясьпекі ў рэгіёне Балтыйскага мора.
Аўтаномны Архіпеляг Аландзкіх выспаў, падпарадкаваны Фінляндыі, поўнасьцю дэмілітарызаваны. Экспэрты лічаць, што ў выпадку канфлікту ў рэгіёне востраў можа быць акупаваны Расеяй і можа выкарыстоўвацца для падрыўной дзейнасьці. Пасьля далучэньня Крыму да Расеі Фінскія ўзброеныя сілы выступаюць за рэмілітарызацыю.
яс