Крэмль прапануе Казахстану й Кыргызстану выслаць войскі ў Сірыю
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
23.06.2017 16:24
Пра перамовы паведаміў старшыня камісіі па абароне Дзярждумы Расеі Ўладзімер Шаманаў.
Казахскія дэсантнікі. Фота: wikimedia commons/Kalabaha1969 at Russian Wikipedia/CC0wikimedia commons/Kalabaha1969 at Russian Wikipedia/CC0
Масква вядзе перамовы з Астаной і Бішкекам наконт таго, каб адправіць у Сірыю жаўнераў з Казахстану і Кыргыстану. Пра гэта паведаміў старшыня камісіі па абароне Дзярждумы Расеі Ўладзімер Шаманаў. Раней зьявілася інфармацыя пра тое, што Расея сумесна з Турцыяй плянуе разьмясьціць войскі ў правінцыі Ідліб на сірыйска-турэцкай мяжы.
Паводле прапановы расейскага кіраўніцтва, падразьдзяленьні казахскай і кіргіскай арміяў павінны быць разгорнутыя ў «зонах дээскаляцыі». Пакуль невядома, пра якія рэгіёны Сірыі вядзецца гаворка.
Згодна з інфармацыяй агенцтва «РИА Новости», Расея і Турцыя гатовыя выслаць у дээскаляцыйныя зоны падразьдзяленьні ваеннай паліцыі. Да апэрацыі гатовы далучыцца Іран. У траўні Расея, Турцыя і Іран падпісалі мэмарандум аб стварэньні ў Сірыі чатырох зонаў, у якіх будзе поўнасьцю забаронена ўжываць зброю. Так званыя «зоны дээскаляцыі» будуць створаныя ў правінцыях Ідліб, Хама, Латакія й Алепа.