Швэцыя спыніла крымінальную справу супраць Асанжа
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
19.05.2017 16:02
Стваральнік парталу WikiLeaks, які 5 гадоў хаваўся ў амбасадзе Эквадору, можа нарэшце пакінуць прытулак.
Джуліян Асанжwikimedia commons/David G Silvers/CC BY-SA 2.0
Пракуратура Швэцыі заявіла, што зачыняе крымінальную справу супраць стваральніка парталу WikiLeaks Джуліяна Асанжа. Справа была ўзбуджаная 7 гадоў таму. У Швэцыі Асанжа абвінавачвалі ў сэксуальным дамагальніцтве й згвалтаваньні.
Генэральны пракурор Швэцыі Марыян Най (Marianne Ny) прыняла рашэньне спыніць расьследаваньне ў справе меркаванага згвалтаваньня, у якім падазраваўся Джуліян Асанж – заявіла прэс-служба швэдзкай пракуратуры.
З 2012 году Асанж знаходзіцца ў амбасадзе Эквадору ў Лёндане. Ён быў вымушаны схавацца ў дыпляматычным прадстаўніцтве, каб пазьбегнуць экстрадыцыі ў Швэцыю, дзе яго абвінавачвалі ў згвалтаваньні. Асанж абвінавачваньні абвяргае. Ён заяўляе, што ў выпадку экстрадыцыі ў Швэцыю, швэдзкія ўлады перадалі б яго яго ўладам ЗША. У Злучаных Штатах супраць Асанжа ўзбудзілі крымінальную справу за разгалошаньне парталам WikiLeaks сакрэтных амэрыканскіх дакумэнтаў.
PAP/ап