ААН: Чакаецца новая хваля ўцекачоў з ірацкага Масулу
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
18.05.2017 16:09
Больш за 200 тысяч чалавек можа ўцячы з Мосулу, калі ірацкія ўрадавыя сілы распачнуць наступленьне.
PAP/EPA/AHMED JALIL
Больш за 200 тысяч чалавек можа ўцячы з Масулу, калі ірацкія ўрадавыя сілы распачнуць наступленьне на Стары горад, які надалей знаходзіцца ў руках баевікоў Ісламскай дзяржавы.
Урадавая армія пры падтрымцы міжнароднай кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША з кастрычніка вядзе бітву за другі па велічыні горад Іраку. Некалькі месяцаў таму ісламісты былі выпіхнутыя на тэрыторыю мосульскага Старога гораду, дзе жыве 300-500 тысяч чалавек. Баевікі займаюць тэрыторыю ўсяго 12 кв. км.
З кастрычніка з Масулу ўцякло амаль 700 тысяч чалавек. ААН папярэджвае, што ў выніку чарговых баёў з гораду могуць уцячы чарговыя 200 тысяч жыхароў. Колькасьць уцекачоў настолькі вялікая, што ўсё цяжэй аказаць ім дапамогу і ахову, якая ім патрэбная – зьвяртаюць увагу ў ААН.
Арганізацыя Human Rights Watch інфармуе, што ірацкая армія і лякальныя сілы бясьпекі прымусілі 300 сямей, якія ўцяклі з гораду, вярнуцца на акупаваную джыхадыстамі тэрыторыю. Праваабаронцы нагадваюць, што гэта непрымальная практыка.
ав