Пацьверджана дачыненьне расейскага генэрала да гібелі MH17
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
25.04.2017 17:51
Экспэрты пацьвердзілі сапраўднасьць запісу голасу афіцэра, датычнага да гібелі авіялайнэра над Данбасам.
Foto: PAP/EPA/ANASTASIA VLASOVA
Як паведамляе «Новая газета», голас арганізатара транспарціроўкі па тэрыторыі Данбаса ракетнага комплексу «Бук», зь якога быў зьбіты самалёт Malaysia Airlines рэйса MH17 – расейскага адстаўнога генэрал-маёра Сяргея Дубінскага – быў ідэнтыфікаваны швэдзкімі экспэртамі. Аналіз быў праведзены ў швэдзкай лябараторыі Voxalys ў Гётэборгу ў адпаведнасьці з інструкцыямі Міжнароднай асацыяцыі крыміналістычнай фанэтыкі й акустыкі (IAFPA).
Як вядома, міжнародная каманда дасьледчыкаў Bellingcat раней апублікавала даклад, у якім гаворыцца пра тое, што перавозку ўстаноўкі «Бук», зь якой меркавана быў зьбіты самалёт рэйса MH17, ажыцьцяўляў адстаўны расейскі генэрал-маёр Сяргей Дубінскі, вядомы пад псэўданімам «Хмурый».
Нагадаем, самалёт Boeing 777 авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў зьбіты 17 ліпеня 2014 у Данецкай вобласьці. Загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце. Пасажырамі рэйса былі грамадзяне 10 краін. Большасьць загінулых – грамадзяне Нідэрляндаў, у тым ліку школьнікі.
pravda.com.ua/ас/вс