Logo Polskiego Radia
Print

МЗС РФ: Расея атрымала ад Януковіча просьбу ўвесьці войска ва Ўкраіну

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 18.03.2017 12:11
Пра гэта заявіла афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

У 2014 годзе Расея атрымала ад былога прэзыдэнта Віктара Януковіча падпісаную заяву з просьбай увесьці расейскія войскі ва Ўкраіну для ўрэгуляваньня сытуацыі ў краіне. Пра гэта заявіла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава.

Яна падкрэсьліла, што заява была аформленая ня ў выглядзе ліста, але заўважыла, што сам Януковіч „ніколі не адмаўляў, што яе падпісваў”.

Захарава таксама пацьвердзіла, што 3 сакавіка 2014 году сталы прадстаўнік Расеі ў ААН Віталь Чуркін быў упаўнаважаны прад'явіць заяву Януковіча на паседжаньні Рады Бясьпекі.

16 сакавіка 2017 году прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін не атрымліваў ад Януковіча лістоў з просьбай аб уводзе войскаў. Пры гэтым у 2014 годзе сам Пуцін казаў, што ўкраінскі прэзыдэнт зьвяртаўся да яго з такой просьбай.

Пытаньне аб дакумэнце з просьбай увесьці войскі абмяркоўваецца ў сувязі з тым, што ва Ўкраіне ён зьяўляецца асновай абвінавачваньня Януковіча ў дзяржаўнай здрадзе. Позва па гэтай справе ў сакавіку была пададзеная ў кіеўскі суд.
У сваю чаргу сам Януковіч заяўляе, што ніякага ліста не было й ён уводзіць войскі ў Расеі не прасіў.

meduza.io/аz

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт