Кіраўнікі МЗС Польшчы й Вялікабрытаніі падтрымліваюць празаходні курс Кіева
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
01.03.2017 11:46
З гэтай мэтай яны сустракаюцца з прадстаўнікамі кіраўніцтва Ўкраіны.
Photo: PAP/Paweł Supernak
Польшча й Вялікабрытанія плянуюць сумесна прадэманстраваць падтрымку празаходняга курсу, сувэрэнітэту й тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. З гэтай мэтай міністры замежных спраў абедзьвюх краінаў знаходзяцца з аднадзённым візытам у Кіеў.
Вітальд Вашчыкоўскі (Witold Waszczykowski) і Барыс Джонсан (Boris Johnson) сустракаюцца з прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам, прэм'ер-міністрам Уладзімірам Гройсманам, а таксама іншымі высокапастаўленымі прадстаўнікамі ўкраінскай дзяржавы.
Адна з галоўных тэмаў размоваў - расейска-украінскі канфлікт, у тым ліку магчымы новы фармат мірных перамоваў.
Першым пунктам візыту кіраўніка польскай дыпляматыі ў Кіеў было наведаньне польскіх ваенных могілак у Быкоўні. Тым ня менш перад вылетам ва ўкраінскую сталіцу Вітальд Вашчыкоўскі падкрэсьліў, што гістарычныя пытаньні не зьяўляюцца асноўнай мэтай яго паездкі.
Вітальд Вашчыкоўскі й Барыс Джонсан наведаюць плошчу Незалежнасьці, каб ускласьці кветкі да помніка Нябеснай сотні, то бок ахвярам празаходняй рэвалюцыі годнасьці, якая адбылася напрыканцы 2013, пачатку 2014 гадоў.
аз