Нямеччына будзе выступаць за высокія тэхстандарты БелАЭС
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jolanta  Śmiałowska
                        
                        24.02.2017 10:00
                    
                                 
                
                
                    Пра гэта заявіла канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Летувы Саўлюсам Сквернялісам.
                
                
                    
                        
Канцлер Ангела Маркель EPA/JOERG CARSTENSEN
                     
                
                
                
               
                
                         "Нямецкі бок будзе выступаць за як мага больш высокія тэхнічныя стандарты АЭС у Беларусі", — заявіла канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Летувы Саўлюсам Сквернялісам 23 лютага ў Бэрліне.
"Пэўны непакой ў Летувы выклікае будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі, — сказала канцлер. — Няважна, жывеш ты ў непасрэднай блізкасьці або далёка — пасьля Чарнобыля мы, зразумела, ведаем, што бясьпека атамных станцый мае вырашальнае значэньне".
На пытаньне пра магчымасьць блякаваньня будаўніцтва Беларускай АЭС Мэркель заявіла: "Трэба зьвяртаць увагу на гарантыю захаваньня тэхнікі бясьпекі. Мы можам толькі зноў і зноў казаць пра тое, што ёсьць міжнародныя інспэктары, якія могуць агледзець будоўлю і азнаёміцца зь лічбамі".
Ядзерная бясьпека зьяўляецца для Летувы "пытаньнем выжываньня, бо непадалёк будуецца небясьпечная АЭС", заявіў прэм'ер-міністар Саўлюс Скверняліс. Паводле яго слоў, у яго была задача на перамовах з Мэркель прадставіць рэальную сытуацыю. Пагрозы, якія ўзьніклі ў сувязі з будаўніцтвам АЭС — гэта праблема не паміж Летувой і Беларусьсю; яна выходзіць за межы рэгіёна і павінна вырашацца "на іншым узроўні", лічыць кіраўнік літоўскага кабінэта.
БелаПАН/яс