Барак Абама памілаваў інфарматара WikiLeaks
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
18.01.2017 13:09
Амэрыканскі прэзыдэнт памілаваў жанчыну, якая выдала WikiLeaks тысячы дакумэнтаў дыпляматыі ЗША.
PAP/EPA/ANDREW GOMBERT
Тры дні да канца прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў прэзыдэнт Барак Абама падпісаў шэраг дакумэнтаў, зьмяншаючы турэмнае зьняволеньне для 209 асуджаных і памілаваўшы 64 асобы. Сярод іх апынулася Чэлсі Мэнінг.
Чэлсі Мэнінг была асуджаная на 35 гадоў турмы за перадачу сакрэтных зьвестак. Цяпер яна выйдзе на свабоду 17 траўня гэтага года.
Інфарматар WikiLeaks, радавы амэрыканскай арміі Брэдлі Мэнінг, які пасьля зьмяніў пол, быў арыштаваны ў траўні 2010 года. Яго абвінавацілі ў перадачы каля 700 тысяч сакрэтных дакумэнтаў, што тычыліся ваенных апэрацый ЗША ў Іраку і Афганістане. Самай вядомай уцечкай стаў 39-хвілінны відэазапіс забойства амэрыканскімі ваеннымі мірных іракцаў.
У жніўні 2013 году Мэнінг быў прысуджаны да 35 гадоў пазбаўленьня волі. Пазьней у турме ён дамогся судовага рашэньня аб тым, што юрыдычна зьяўляецца жанчынай па імені Чэлсі. За час знаходжаньня ў зьняволеньні, па словах адвакатаў Мэнінг, асуджаная рабіла дзьве спробы самагубства.
ав