Logo Polskiego Radia
Print

Украіна забараніла вяшчаньне тэлеканала „Дождь”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.01.2017 13:10
Афіцыйны дакумэнт па гэтай справе будзе апублікаваны 16 студзеня.
tookapic/pixabay.com/CC0 Public Domain

Нацыянальная рада Ўкраіны па пытаньнях тэлебачаньня й радыёвяшчаньня забараніла вяшчаньне расейскага тэлеканала „Дождь” з-за парушэньня ўкраінскага заканадаўства. Пра гэта „Дождю” паведаміў прадстаўнік правайдэра-партнэра „Воля”, чый юрыст прысутнічаў на пасяджэньні рэгулятара.

Па словах прадстаўніка „Волі” Аксаны Весяловай, рашэньне аб выключэньні расейскага тэлеканала з пераліку замежных праграм, змест якіх адпавядае ўкраінскаму заканадаўству, было прынятае на паседжаньні Нацрады 12 студзеня. Афіцыйны дакумэнт будзе апублікаваны 16 студзеня. З гэтага моманту ў апэратараў будзе месяц, каб выключыць канал зь сетак.

Весялова распавяла, што трансьляцыя канала на тэрыторыі краіны была забароненая з-за разьмяшчэньня ў эфіры камэрцыйнай рэклямы. Украінскае заканадаўства забараняе разьмяшчэньне рэклямы ў эфіры замежных тэлеканалаў. Выключэньне складаюць каналы, якія трапляюць пад юрысдыкцыю дзяржаў — членаў Эўрапейскага Зьвязу або дзяржаў, якія ратыфікавалі Эўрапейскую канвэнцыю аб трансгранічным тэлебачаньні (Расея не ўваходзіць у лік гэтых дзяржаў).

„Інтэрфакс” са спасылкай на члена Нацрады Сяргея Касьцінскага называе яшчэ адну прычыну забароны на вяшчаньне „Дождя”. Па зьвестках агенцтва, тэлеканал парушыў закон краіны, трансьлюючы інфармацыю, якая робіць замах на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны — тэлеканал паказвае Крым як тэрыторыю Расеі.

tvrain.ru/racyja.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт