Журналісты Euronews выказалі недавер кіраўніцтву й заявілі аб цэнзуры
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
09.12.2016 14:10
Прафсаюз прыняў заяву, у якой гаворыцца, што Euronews не зьяўляецца арганізацыяй з эўрапейскім падыходам.
Ілюстрацыйны здымакPhoto:Piratenmensch/flickr.com/Commercial use allowed
Журналісты Euronews выказалі недавер кіраўніцтву й прынялі заяву, у якой адзначана, што дадзенае СМІ ня можа больш разглядацца як незалежны і аб’ектыўны эўрапейскі інфармацыйны канал. Пра гэта паведамляе EurActiv.com.
Прафсаюз «Force Ouvrière» прыняў заяву, у якой гаворыцца, што на дадзены момант Euronews не зьяўляецца арганізацыяй з эўрапейскім падыходам і эўрапейскім бачаньнем будучыні.
Журналіст Euronews на ўмовах ананімнасьці распавёў, што ім забаранілі крытыкаваць Турцыю пасьля няўдалага перавароту 15 ліпеня і жорсткую палітыку Расеі ў дачыненьні да яе суседзяў і членаў ЭЗ.
Адзначым, што ў лютым 2015 пасьля візыту Ўладзімера Пуціна эгіпецкі мільярдэр Нагіб Савбрыс набыў кантрольны пакет акцый у Euronews – 53%.
Украінскую службу Euronews купіў у сакавіку 2015 года ўкраінскі алігарх Дзьмітры Фірташ.
У сваёй заяве прафсаюз падымае шэраг пытаньняў да кіраўніцтва СМІ. Адно з пытаньняў тычыцца таго, як можна апраўдаць пляны закрыцьця ўкраінскай службы ў рэальных умовах напружанасьці паміж Кіевам і Масквой.
Згодна з інтэрнэт-апытаньнем, праведзеным 6-7 сьнежня, 70.4% журналістаў і спэцыялістаў у Euronews заявілі, што не давяраюць кіраўніцтву кампаніі, і толькі 11.7% давяраюць.
Нагадаем, нядаўна ў Ліёне, у галоўным офісе тэлеканала Euronews, адбыўся папераджальны аднадзённы страйк украінскай, іранскай, арабскай і прадстаўнікоў некалькіх іншых моўных рэдакцый.
яс