Logo Polskiego Radia
Print

На Эўраньюс прайшоў страйк украінскай і яшчэ некалькіх моўных рэдакцый

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 06.12.2016 11:55
У наступным красавіку вяшчаньне на ўкраінскай мове з-за недахопу фінансаваньня плянуецца спыніць.
tookapic/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Ліёне, у штаб-кватэры тэлеканала Эўраньюс, адбыўся папераджальны аднадзённы страйк украінскай, іранскай, арабскай і прадстаўнікоў некалькіх іншых моўных рэдакцый. Пра гэта «Эўрапейскай праўдзе» паведамілі журналісты тэлеканала.

Ініцыятарам забастоўкі стала ўкраінская рэдакцыя Эўраньюс, якая пратэстуе супраць плянаў кіраўніцтва спыніць у наступным красавіку вяшчаньне на ўкраінскай мове з-за недахопу фінансаваньня. Украінцы заяўляюць таксама аб нераўнамерным разьмеркаваньні бюджэтных сродкаў паміж усімі 13-ы моўнымі службамі Эўраньюс.

Да страйку далучыліся прадстаўнікі іранскай і арабскай службаў, якія таксама знаходзяцца на мяжы закрыцьця. Забастоўку падтрымалі журналісты з большасьці моўных рэдакцый. Сьцьвярджаецца, што ў цэлым 5 сьнежня ў акцыі прынялі ўдзел да 100 чалавек. Журналісты кажуць, што гэта першая забастоўка журналістаў за ўвесь час існаваньня Эўраньюс.

Яна заключалася ў тым, што супрацоўнікі знаходзіліся ў памяшканьні канала, але з 13 да 17 гадзін не працавалі. Навіны ў гэты час выходзілі на ангельскай мове. Прадстаўнікі страйку паведамляюць, што ў выпадку адсутнасьці рэакцыі кіраўніцтва страйк будзе паўтораны на наступным тыдні.

Работнікі ўкраінскай рэдакцыі патрабуюць азнаямленьня з дэталямі кантрактаў на фінансаваньне моўнай службы з боку НТКУ з 2011 года і з Inter Media Group ад 2015 года.

Закрыцьцё ўкраінскай службы адбываецца на фоне рэарганізацыі кампаніі з мэтай узмацненьня канкурэнтаздольнасьці, у прыватнасьці, плянуецца пашырэньне ангельскай, францускай і расейскай службаў.

www.eurointegration.com.ua/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт