Польскі блёгер атрымаў кампэнсацыю за бойку на тэлебачаньні
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
27.11.2016 10:17
Томаш Мацяйчук атрымаў па твары падчас запісу расейскай праграмы «Права голасу».
www.pixabay.com
Польскі блёгер Томаш Мацяйчук атрымаў кампэнсацыю ў памеры 50 тысяч расейскіх рублёў (каля 775 даляраў) ад тэлеканала ТВЦ пасьля таго, як яго ўдарылі ў эфіры праграмы «Права голасу». Пра гэта ён распавёў тэлеканалу Дождь.
У лістападзе падчас здымак праграмы «Права голасу» Мацяйчук заявіў, што «украінцы таксама хочуць жыць як нармальныя людзі, а не ў лайне, як вы [расейцы]». Вядучы праграмы Рома Бабаян сказаў яму, каб той «пайшоў адсюль нафіг». Затым Мацейчука абступілі госьці студыі, адзін з якіх ударыў яго па твары.
«Тэлеканал ТВЦ папрасіў прабачэньня і даў мне кампэнсацыю — 50 тысяч рублёў. Я хачу перадаць гэтыя грошы прытулку для жывёл», — распавёў Мацяйчук.
Пры гэтым ён прызнаў, што яму ня варта было прамаўляць фразу пра тое, што расейцы «жывуць у лайне». «Я ўсьведамляю сваю памылку і разумею, што гэтае слова не павінна было зьявіцца ў эфіры. Але я проста ня вытрымаў. Я тут знаходжуся ўжо трэці тыдзень і ўвесь час чую абразы», — сказаў блёгер.
Дарэчы, у польскім журналісцкім асяродзьдзі Мацяйчука многія лічаць даволі падазронай асобай і правакатарам. А ў красавіку 2016 года Служба бясьпекі Ўкраіны забараніла Мацейчуку ўезд у краіну на пяць гадоў. Незадоўга да гэтага ў Амстэрдаме ён спытаў у міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна, што ўкраінскія ўлады збіраюцца рабіць з нацыяналістычнай арганізацыяй Misanthropic Division, члены якой уваходзілі ў склад батальёна «Азоў».
Дождь/нг