Logo Polskiego Radia
Print

Названыя імёны расейцаў, якіх падазраюць у падрыхтоўцы перавароту

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 18.11.2016 17:22
Пракуратура Чарнагорыі назвала імёны расейцаў, якіх падазраюць у падрыхтоўцы замаху на прэмʼера краіны.
www.flickr.com/Lassi Kurkijärvi

Пракуратура Чарнагорыі назвала імёны расейцаў, якіх падазраюць у падрыхтоўцы замаху на прэмʼер-міністра краіны Міла Джуканавіча й спробе дзяржаўнага перавароту, паведамляе ўкраінскі партал 112.ua, а таксама іншыя інфармацыйныя крыніцы.

Паводле дадзеных пракуратуры, арганізатарамі групы лічацца грамадзяне Расеі Эдуард Шырокаў і Ўладзімір Папоў.

Адзначаецца, што ў верасьні 2016 года мужчыны арганізавалі на тэрыторыі Чарнагорыі, Сэрбіі й Расеі групу для зьдзяйсьненьня «нявызначанай колькасьці тэрактаў і замахаў на прадстаўнікоў уладаў Чарнагорыі».

Пазьней яны даручылі вярбоўку ўдзельнікаў перавароту Аляксандру Сінджэлічу – сэрбскаму нацыяналісту, які ваяваў у Данбасе на баку прарасейскіх сэпаратыстаў. Для гэтага выдзелілі 30 тысяч эўра, каб закупіць 50 аўтаматычных вінтовак і патроны да іх, якія змоўшчыкі плянавалі выкарыстаць для захопу ўлады. Усяго, як сьцьвярджаюць у пракуратуры, Сінджэліч атрымаў ад расейцаў 200 тысяч эўра для арганізацыі перавароту.

Паводле дадзеных пракуратуры, у групоўку ўваходзілі дзясяткі людзей, у прыватнасьці названы імёны 19 сэрбаў і чарнагорцаў, якія, паводле вэрсіі сьледзтва, удзельнічалі ў змове.

Адзначым, 6 лістапада пракуратура Чарнагорыі заявіла, што да няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту 16 кастрычніка датычная група «расейскіх нацыяналістаў», якія акрамя тэрактаў, рыхтавалі забойства прэмʼер-міністра Джуканавіча. У пракуратуры лічаць, што забіць прэмʼер-міністра павінен быў стралок «з далёкай дыстанцыі».

Раней, 16 кастрычніка, у сталіцы Чарнагорыі Падгорыцы былі затрыманыя па меншай меры 15 чалавек па падазрэньні ў падрыхтоўцы да тэрактаў, якія павінны былі быць ажыцьцёўлены падчас парлямэнцкіх выбараў. Паводле дадзеных СМІ, за арганізацыяй меркаваных тэрактаў стаялі расейцы.

У сваю чаргу прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Расея не датычная да спробы дзяржаўнага перавароту й замаху на прэмʼер-міністра Чарнагорыі.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт