Савет Фэдэрацыі прапануе заблякаваць рахункі BBC у Расеі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
19.10.2016 14:36
Гэта стала б адказам на закрыцьцё рахункаў Russia Today ў Вялікабрытаніі.
PAP/EPA/SERGEI ILNITSKY
Чальцы Савета Фэдэрацыі Фэдэральнага Сходу Расейскай Фэдэрацыі заклікаюць улады Расеі заблякаваць банкаўскія рахункі брытанскага мэдыя-канцэрну BBC. Паводле іх, такім павінен быць адказ на закрыцьцё некалькі дзён таму ў Вялікабрытаніі рахункаў расейскага тэлебачаньня Russia Today.
Брытанскія ўлады кажуць, што гэта было сувэрэннае рашэньне банка, а брытанскія сродкі масавай інфармацыі нагадаюць, што Russia Today неаднойчы каралі за неаб’ектыўныя камэнтары й парушэньне журналісцкіх стандартаў.
Тым часам паводле расейскіх палітыкаў, рашэньне брытанскага банка носіць палітычны характар і зьяўляецца ўступам да абвяшчэньня новых санкцый супраць Расеі.
Прапанову дэпутатаў Савета Фэдэрацыі падтрымлівае намесьнік старшыні палаты Франц Клінцэвіч. Спачатку аднак ён прапануе, каб Міністэрства замежных спраў Расеі накіравала ў Вялікабрытанію рэзкую дыпляматычную ноту па гэтай справе.
аз