Ля польскай мяжы адбудуцца буйныя манэўры расейскіх дэсантнікаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
17.10.2016 17:29
У Берасьцейскай вобласьці пройдуць беларуска-расейскія манэўры з удзелам 900 дэсантнікаў.
Photo: US Air Force/wikipedia.org/Domena publiczna
Расейскія спэцназаўцы будуць практыкавацца блізу польска-беларускай мяжы. Як паведамляе агенцтва ТАСС, у Берасьцейскай вобласьці пройдуць беларуска-расейскія манэўры з удзелам каля 900 дэсантнікаў.
У адпаведнасьці з графікам жаўнеры адправяцца на палігоны 18-20 кастрычніка й будуць практыкаваць „ліквідацыю ўзброеных груп сабатажу ў памежнай зоне”.
Расейскія спэцназаўцы раней правялі супольныя вучэньні з дэсантнікамі з Кітая, а некалькі дзён таму для манэўраў адправіліся ў Эгіпет. Расейскія войскі дзейнічалі таксама ў гарачых рэгіёнах Грузіі, то бок на акупаваных тэрыторыях Абхазіі й Паўднёвай Асэтыі.
Некалькі дзён таму ў Дзяржаўную Думу быў перададзены ўрадавы законапраект, які дазваляе расейцам удзельнічаць у міжнародных вайсковых апэрацыях, не зьвязаных наўпрост зь Міністэрствам абароны.
Паводле расейскай апазыцыі, гэты закон дазволіць санкцыянаваць удзел грамадзян Расейскай Фэдэрацыі ў ваенных дзеяньнях, у прыватнасьці, у Сырыі й на ўсходзе Ўкраіны.
аз