Logo Polskiego Radia
Print

Францыя пачала наносіць авіяўдары па «Ісламскай дзяржаве» з авіяносца

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 30.09.2016 10:51
Афіцэр на борце карабля паведаміў, што самалёты прымуць удзел у апэрацыі супраць ІД у Масуле.
На здымку: авіяносец «Charles de Gaulle»   На здымку: авіяносец «Charles de Gaulle» Olivier Duquesne/flickr.com

Францускія самалёты пачалі наносіць авіяўдары па пазыцыях экстрэмісцкай арганізацыі «Ісламская дзяржава» з авіяносца «Charles de Gaulle», паведамляюць відавочцы й СМІ.

Афіцэр на борце карабля паведаміў, што самалёты прымуць удзел у апэрацыі супраць ІД у Масуле.

На дадзены момант «Charles de Gaulle» – адзіны авіяносец на балянсе францускіх узброеных сілаў. Ён вярнуўся ў Пэрсідзкі заліў на пачатку верасьня.
Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» захапіла шэраг тэрыторый у Сырыі й Іраку ў 2014 годзе. У гэтым годзе групоўка правяла цэлую сэрыю нападаў у Багдадзе й іншых рэгіёнах Ірака, якія знаходзяцца пад кантролем урада краіны.
Нягледзячы на гэта, сілы ІД падчас баёў з урадавымі войскамі (пры падтрымцы заходніх краін) паступова губляюць тэрыторыю ў Іраку.

У дадзены момант антыджыхадысцкая кааліцыя сканцэнтравала свае сілы на ўзяцьці Масула – найбуйнейшага іракскага горада пад кантролем групоўкі.

На караблі «Charles de Gaulle» знаходзяцца 18 зьнішчальнікаў «Дасо Рафаль» (Dassault Rafale), восем звышгукавых палубных штурмавікоў «Дасо Супэр-Этэндарт» (Dassault Super-Etendard), а таксама два палубныя самалёты далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня «Груман Э-2 Хакай» (Grumman E-2 Hawkeye).

Францускі авіяносец знаходзіцца ў раёне антыджыхадыскай апэрацыі зь лістапада 2015 года, а ў Пэрсідзкім заліве ўпершыню зьявіўся ў лютым мінулага года.

У канцы 2015 года на авіяносцы пабываў прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд.

паводле bbc/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт