Беларус Ігар Бокій атрымаў шосты залаты мэдаль на Паралімпіядзе ў Рыё
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Valery Sauko
                        
                        18.09.2016 09:47
                    
                                 
                
                
                    Ігар Бокій удзельнічаў таксама ў Паралімпіядзе ў Лёндане, на якой заваяваў 5 чэмпіёнскіх тытулаў.
                
                
                    
                        
Ігар Бокійwww.belta.by
                     
                
                
                
               
                
                         Беларус Ігар Бокій атрымаў шосты залаты мэдаль на Паралімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра. У заключны дзень турніру для слабавідушчых плыўцоў ён выйграў на дыстанцыі 100 мэтраў на сьпіне й паставіў сусьветны паралімпійскі рэкорд у гэтай дысцыпліне – 56,68 сэк. Другое месца атрымаў украінец Яраслаў Дзенісенка, а трэцяе – у канадца Нікаляса Гая Турбідэ.
Раней беларускі плывец-паралімпіец перамагаў на дыстанцыях 100 мэтраў батэрфляем, 200 мэтраў комплексным плаваньнем, 50, 100 і 400 мэтраў вольным стылем. Таксама ён атрымаў бронзу на дыстанцыі 100 мэтраў брасам.
Ігар Бокій удзельнічаў таксама ў Паралімпіядзе ў Лёндане, на якой заваяваў 5 чэмпіёнскіх тытулаў. Такім чынам, ён мае ўжо 11 залатых паралімпійскіх мэдалёў.
Усяго беларусы-паралімпійцы заваявалі на Гульнях у Рыё 10 мэдалёў (8 залатых і 2 бронзавых). Апроч Бокія, золата заваявалі плывец Уладзімір Ізотаў і шпажыст-калясачнік Андрэй Праневіч. Бронзу таксама заваяваў кідальнік кап’я Аляксандр Трыпуць.
Сёньня, 18 верасьня, адбудзецца закрыцьцё Паралімпіяды ў Рыё.
эўрарадыё/вс