У Кёльне пройдуць акцыі праціўнікаў і прыхільнікаў Эрдагана
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
31.07.2016 07:21
Недапушчальна пераносіць турэцкую ўнутрыпалітычную напружанасьць у Нямеччыну - Штайнмаер.
Прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган наведвае адну з часьцей спэцсіл у Анкары PAP/EPA/TURKISH PRESIDENTIAL PRESS OFFICE/HANDOU
На масавай акцыі ў падтрымку прэзыдэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана, якая пройдзе ў Кёльне 31 ліпеня, чакаецца да 30 тысяч чалавек. Таксама стала вядома, што ўлады дазволілі праціўнікам турэцкага прэзыдэнта адначасова правесьці контракцыі ў цэнтры горада. Сярод удзельнікаў дэманстрацый чакаюцца ў тым ліку й праварадыкалы.
Паліцыя пераведзена на ўзмоцнены рэжым працы, за бясьпеку ў горадзе будуць адказваць 2300 супрацоўнікаў правапарадку. Паліцыянты не выключаюць сутыкненьняў паміж удзельнікамі акцый. Паводле словаў бургамістра Кёльна Хэнрыэттэ Рэкер (Henriette Reker), яна атрымала ўжо вялікую колькасьць лістоў і званкоў ад занепакоеных жыхароў горада.
Між тым першая контрадэманстрацыя ўжо адбылася ў Кёльне ў суботу. Яна прайшла мірна, у ёй прынялі ўдзел каля 150 чалавек.
Нядзельную дэманстрацыю раскрытыкаваў кіраўнік МЗС ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер. У інтэрвію газэце Süddeutsche Zeitung ён заявіў, што недапушчальна пераносіць турэцкую ўнутрыпалітычную напружанасьць у Нямеччыну.
dw/вс