Барак Абама накіроўваецца ў Гішпанію зь гістарычным візытам
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
09.07.2016 08:07
З саміту NATO прэзыдэнт ЗША накіроўваецца ў суботу, 9 ліпеня, зь візытам у Гішпанію.
Барак Абама са сваёй сьвітай на борце Air Force Onecommons.wikimedia.org/White House/Maison Blanche/CC BY-SA 2.0
З варшаўскага саміту NATO прэзыдэнт ЗША Барак Абама накіроўваецца ў суботу, 9 ліпеня, зь візытам у Гішпанію.
Гэта першая афіцыйная паездка амэрыканскага лідара цягам апошніх 15-і гадоў. Апошнім прэзыдэнтам, які наведаў гэтую ібэрыйскую краіну ў 2001 годзе, быў Джордж Буш-малодшы. Праз тры гады пасьля гэтага прэм’ер-міністар Гішпаніі Хасэ Люіс Сапатэра (Jose Luis Zapatero) загадаў вывесьці з Іраку гішпанскія войскі, што стала прычынай ахаладжэньня адносін паміж Мадрыдам і Вашынгтонам. Гішпанскія аглядальнікі падкрэсьліваюць, што візыт Абамы зьяўляецца прыкладам нармалізацыі стасункаў.
Дыпляматычныя захады, накіраваныя на тое, каб амэрыканскі прэзыдэнт прыехаў у Гішпанію, працягваліся некалькі гадоў. У гэтым таксама дапамог мінулагодні візыт у Белы дом караля Гішпаніі Філіпа VI і яго жонкі, каралевы Летысіі.
Барак Абама наведае Мадрыд і Сэвільлю. Лідар ЗША сустрэнецца з выконваючым абавязкі прэм’ер-міністра Марыяна Рахоем (Mariano Rajoy) і лідарамі апазыцыйных партый.
ЗША займаюць першае месца па інвэстыцыях у Гішпаніі, у сваю чаргу Гішпанія ў Злучаных Штатах – дзявятае. У Амэрыцы гішпанскія фірмы працаўладкоўваюць 81 тыс. чалавек.
Абама плянаваў правесьці з Гішпаніі тры дні, аднак візыт быў скарочаны на адзін дзень у сувязі з падзеямі ў Даласе. Надагаем, у гэтым горадзе падчас сутыкненьняў снайпэр застрэліў пяцярых і параніў шэсьцярых паліцэйскіх.
вс