Джон Керы прыехаў у Кіеў падтрымаць Украіну перад самітам NATO
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
07.07.2016 18:23
"Калі Расея ня выканае ўмоў Менскіх пагадненьняў, то санкцыі з боку Захаду будуць прадоўжаныя".
PAP/EPA/GLEB GARANICH/POOL
Злучаныя Штаты Амэрыкі патрабуюць поўнага выкананьня Расеяй Менскіх дамоўленасьцяў. Аб гэтым у Кіеве заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы, які наведаў Украіну напярэдадні саміту NATO ў Варшаве. Саміт стаў адной з тэм перамоваў паміж Джонам Керы й прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Джон Керы адзначыў, што ва ўсходняй Украіне неабходна давесьці да спыненьня агню ды дэмілітарызацыі, а АБСЭ павінна ўзяць пад свой кантроль мяжу. Акрамя таго, дзяржсакратар лічыць неабходнасьцю правядзеньне мясцовых выбараў ва ўсходніх рэгіёнах згодна заканадаўству Ўкраіны. Паводле яго слоў, Украіна цалкам выконвае сваю частку мірнага пагадненьня.
Дзяржсакратар ЗША падкрэсьліў, што ў выпадку, калі Расея ня выканае ўмоў Менскіх пагадненьняў, то санкцыі з боку Захаду будуць прадоўжаныя. Дарэчы, такая пазыцыя ЗША па канфлікце ва ўсходняй частцы Ўкраіны будзе прадстаўленая на саміце NATO ў Варшаве.
Керы дадаў, што Злучаныя Штаты будуць пераконваць перш за ўсё Германію й Францыю прыняць прадстаўленыя Вашынгтонам й Кіевам варыянты вырашэньня канфлікту ў Данбасе.
У рамках заўтрашняга саміту NATO плянуецца ня толькі сустрэча камітэту NATO-Украіна, але й сустрэча прэзыдэнта Парашэнкі зь лідарамі краін Паўночнаатлянтычнага пакту, у тым ліку прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі Баракам Абамам.
кд/вс