Logo Polskiego Radia
Print

Квасьнеўскі заклікаў Украіну «ня марыць пра чалецтва ў NATO»

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 04.07.2016 11:29
«Гэтак жа ня варта казаць і пра дасягненьне мэты стаць членам ЭЗ», - кажа экс-прэзыдэнт Польшчы.
Wojciech Kusiński/Polskie Radio

Былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі лічыць, што Ўкраіне няма чаго й марыць аб уступленьні ў NATO, піша Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Украіне варта адмовіцца ад сваёй мары стаць сябрам NATO. Гэтак жа ня варта цяпер казаць і пра дасягненьне мэты стаць паўнапраўным членам ЭЗ», – адзначыў экс-прэзыдэнт Польшчы. Пры гэтым сам Квасьнеўскі, паводле яго слоў, «нічога ня мае супраць мэтаў Кіева калі-небудзь стаць паўнапраўным членам Паўночнаатлантычнага альянсу».

Аляксандар Квасьнеўскі, выступаючы на мерапрыемстве Фонду імя Кэрбэра ў Варшаве, выказаў занепакоенасьць з нагоды бясьпекі сваёй краіны, краін Балтыі й Малдовы. Таксама Квасьнеўскі заявіў, што сытуацыя ў рэгіёне найменш бясьпечнай за 17 гадоў, з таго часу, як Польшча ўступіла ў NATO.

Такая сытуацыя, на думку экс-прэзыдэнта Польшчы, склалася з-за высокай актыўнасьці расейскіх вайскоўцаў у рэгіёне, асабліва ля межаў Эстоніі й Латвіі, акрамя таго, у непасрэднай блізкасьці ад Малдовы.

Ён таксама адзначыў, што ў выніку вучэньняў Расеі ля ўсходніх межаў Паўночнаатлантычнага альянсу варта разьлічваць на тое, што ў ходзе саміту краін-членаў NATO 8 і 9 ліпеня ў Варшаве будзе прынятае рашэньне аб узмацненьні ваеннай прысутнасьці ў Польшчы й краінах Балтыі.

Пры гэтым Квасьнеўскі падкрэсьліў, што сталай прысутнасьці войскаў NATO ў буйных маштабах у рэгіёне заплянавана ня будзе, бо гэта супярэчыла б абавязацельствам падпісанага ў 1997 годзе дагавора паміж NATO і Расеяй.

pravda.com.ua/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт