Канфлікт за Нагорны Карабах пачаўся яшчэ да распаду СССР. Пасьля баявых дзеяньняў, якія працягваліся некалькі гадоў, у 1994 годзе мясцовыя сэпаратысты стварылі квазі-дзяржаву, якая не была прызнаная ніводнай краінай на сьвеце. Жыхары Нагорнага Карабаху імкнуцца да незалежнасьці, а Армэнія і Азэрбайджан хацелі б мець яго пад кантролем або ў сваіх межах. З 2 красавіка бягучага году на лініі паміж Азэрбайджанам і Нагорным Карабахам пачаліся баявыя дзеяньні.
Звыш 20-ці гадоў сытуацыя ў Нагорным Карабаху была адносна спакойнай. Але армяна-азэрбайджанскі канфлікт ніколі ня быў поўнасьцю завершаны. Пашырэньне вайсковага супрацьстаяньня было вынікам доўгатэрміновых двухбаковых правакацыяў і абстрэлаў. Армэнія й Азэрбайджан увесь час абвінавачвалі адзін адно ў абстрэлах і парушэньнях мірных дамоўленасьцяў. Гэтым разам таксама невядома, хто быў вінаваты ў пачатку абстрэлу. Так ці інакш, гэта прывяло да шырокамаштабнай вайсковай апэрацыі з прымяненьнем цяжкой тэхнікі, сыстэм залпавага агню, верталётаў і гэтак далей. Сытуацыю камэнтуе палітоляг, гісторык Павал Усаў.
Павал Усаў: Баявыя дзеяньні працягваліся ўвесь дзень 2 красавіка, на кароткі час прыпыніліся 3-га, але зноў распачаліся ўвечары. Канфлікт суправаджаўся масавай інфармацыйнай атакай ды дэзінфармацыйнымі дзеяньнямі, таму пакуль немагчыма сказаць, якія пазыцыі былі занятыя, колькі загінулых і гэтак далей.
Афіцыйны Баку заяўляе, што ў выніку пасьпяховых баявых дзеяньняў былі занятыя стратэгічныя высоты ў накірунку горада Гарадзіс, вёскі Талыш і Селсуан, а армянскі бок панёс значныя страты ў жывой сіле (прыкладна 150 чалавек) і тэхніцы (10 падбітых танкаў).
Павал Усаў: У сваю чаргу афіцыйныя ўлады Армэніі заявілі, што сіламі вайскоўцаў Нагорнага Карабаху і Армэніі правакацыі і наступленьне азэрбайджанскіх войск было спынена, загінула каля 200 азэрбайджанскіх вайскоўцаў, былі зьбітыя бесьпілётнікі і некалькі танкаў. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў падае лічбы пра 33 загінулых і 200 параненых.
Якія прычыны дадзенай эскаляцыі? Як далёка цяперашняя напружанасьць можа зайсьці?
Павал Усаў: Прычынай канфлікту варта разглядаць даволі цяжкое эканамічнае становішча, як у Азэрбайджане, так і Армэніі. Вайна – самы лепшы спосаб адцягнуць увагу насельніцтва ад штодзённых праблем, а маленькая пераможная вайна нават дасьць папулярнасьць лідарам.
Размаўляла Натальля Грышкевіч