Армэнія дапускае магчымасьць шырокамаштабнай вайны ў Карабаху
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Dzmitry Hurnievic 
                        
                        04.04.2016 14:54
                    
                                 
                
                
                    За два дні абвастрэньня сытуацыі ў непрызнанай НКР загінулі не менш за 33 чалавек.
                
                
                    
                        
Серж Саргсянflickr.com/European People's Party
                     
                
                
                
               
                
                         Прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян заявіў на сустрэчы з амбасадарамі краін АБСЭ, што абвастрэньне канфлікту ў Нагорным Карабаху могуць перарасьці ў поўнамаштабную вайну. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
«Далейшая эскаляцыя баявых дзеяньняў можа прывесьці да непрадказальных і незваротных наступстваў, ажно да поўнамаштабнай вайны», - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Па словах Саргсяна, Армэнія й Нагорны Карабах выступаюць за спыненьне ваенных дзеяньняў і аднаўленьне прынятага ў 1994 годзе рэжыму спыненьня агню, а таксама вяртаньне ўсіх воінскіх падразьдзяленьняў на тыя пазыцыі, якія яны займалі да 1 красавіка 2016 года.
Ён адзначыў, што аб аднабаковым спыненьні агню ў зоне карабахскага канфлікту не можа быць і гаворкі. «Азэрбайджан павінен пачаць прамыя перамовы з уладамі Карабаха, незалежна ад таго, падабаюцца яны яму ці не. Лічу, што кожны выпадак парушэньня рэжыму перамір'я павінен стаць прадметам дэталёвага вывучэньня й ацэнкі, паколькі гэта зьяўляецца гарантам эфэктыўнага перамоўнага працэсу», - адзначыў прэзыдэнт Армэніі.
Нагадаем, сытуацыя ў зоне карабахскага канфлікту рэзка абвастрылася ў ноч 2 красавіка, пачаліся баявыя дзеяньні з прымяненьнем авіяцыі й артылерыі.
Па дадзеных ААН, за два дні абвастрэньня сытуацыі ў непрызнанай НКР загінулі не менш за 33 чалавек, трое з якіх - мірныя жыхары, раненьні атрымалі больш за 200 чалавек.
дг