Logo Polskiego Radia
Print

Летува заклікае ЭЗ абараняць рынак ад імпарту электраэнэргіі з БелАЭС

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 23.02.2016 08:20
ЭЗ абавязаны вельмі сур'ёзна ацаніць магчымасьці і патэнцыйныя інструмэнты абмежаваньня імпарту электраэнэргіі, вырабленай на АЭС у Астраўцы,- заявіла прэзыдэнт Летувы.
fot. Wikimedia, Augustas Didžgalvis, Creative Commons Attribution-Share Alike 3.0 Unportedfot. Wikimedia, Augustas Didžgalvis, Creative Commons Attribution-Share Alike 3.0 Unported

Эўрапейскі Зьвяз абавязаны вельмі сур'ёзна ацаніць магчымасьці і патэнцыйныя інструмэнты абмежаваньня імпарту на рынак ЭЗ электраэнэргіі, вырабленай на Беларускай АЭС у Астраўцы, заявіла прэзыдэнт Летувіскай Рэспублікі Даля Грыбаўскайце 22 лютага ў Вільнюсе на сустрэчы зь віцэ-старшынём Эўрапейскай камісіі па пытаньнях энэргетычнага саюза ЭЗ Марашам Шафчовічам, паведамляе прэс-служба прэзыдэнта Летувы.

Паводле слоў Грыбаўскайце, астравецкая АЭС не павінна ствараць дадатковых перашкод ні для вытворчасьці электраэнэргіі ўнутры краіны, ні для павышэньня эфэктыўнасьці энергаспажываньня або сінхранізацыі сетак балтыйскіх краін зь сеткамі кантынентальнай Эўропы.

Асаблівая ўвага на сустрэчы была нададзеная пытаньням бясьпекі Беларускай АЭС, якая будуецца. "Мы ўсе памятаем пра чарнобыльскую трагедыю. Небясьпечныя, не адпаведныя міжнародным стандартам атамныя электрастанцыі — пагроза для ўсіх жыхароў Эўропы. Таму сумеснымі намаганьнямі ЭЗ і ўсёй міжнароднай супольнасьці мы абавязаныя патрабаваць, каб астравецкая АЭС адпавядала самым жорсткім міжнародным стандартам бясьпекі, была праведзеная празрыстая і незалежная ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, праведзеныя ацэнкі рызыкі і бясьпекі", — сказала Грыбаўскайце.

У Летувы неспакой выклікаюць заявы ўладаў Беларусі аб тым, што АЭС у Астраўцы будзе самай таннай у сьвеце. Як сьцьвярджаецца ў паведамленьні, будаўніцтва АЭС вядзецца пасьпешліва і без захаваньня стандартаў якасьці.

Да цяперашняга часу не выкананыя ацэнкі рызыкі і бясьпекі, дзякуючы якім можна вызначыць, ці здольная атамная электрастанцыя бясьпечна функцыянаваць пры самых неспрыяльных умовах. Ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе зробленая непразрыста і не адпавядае прадугледжаным Канвэнцыяй Эспа патрабаваньням, парушэньні прызнаныя і Орхускай канвэнцыяй. Экспэртам Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) не дазваляецца правесьці незалежную ацэнку месца будаўніцтва астравецкай АЭС.

Беларуская АЭС узводзіцца прыкладна за 20 кілямэтраў ад Астраўца (Гродзенская вобласьць) паводле праекта расейскай кампаніі "Атамстройэкспарт". Генэральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам выступае расейская кампанія ААТ "НІАЭП" — ЗАТ "АСЭ". Станцыя будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай магутнасьцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока заплянаваны на лістапад 2018 года, другога — на ліпень 2020-га.

БелаПАН/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт