Прынц Чарльз патлумачыў вайну ў Сырыі зьменамі клімату
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
23.11.2015 14:34
Раней з аналягічнай заявай выступілі амэрыканскія навукоўцы.
Dan Marsh/Wikipedia
Нашчадак брытанскага пасаду прынц Чарльз патлумачыў пачатак сырыйскай грамадзянскай вайны, між іншым, зьменамі клімату. Пра гэта паведамляе The Guardian.
Па словах прынца, які вядомы як пасьлядоўны змагар супраць глябальнага пацяпленьня, зьмены клімату прывялі да сур'ёзнай засухі на Блізкім Усходзе. Шматгадовы неўраджай прымусіў велізарную колькасьць людзей пакінуць свае дамы й пазбавіў іх сродкаў да існаваньня. Гэты выклікала рост напружанасьці ў грамадзтве й пачатак грамадзянскай вайны ў САР.
Раней з аналягічнай заявай выступілі амэрыканскія навукоўцы: на іх думку, сельскагаспадарчая палітыка кіруючага ў Сырыі рэжыму, які стымуляваў вырошчваць вільгацелюбівыя культуры (бавоўны), а таксама дзеяньні сялян, якія выкопвалі ўсё больш калодзежаў, скарацілі запасы грунтавых вод. Разам з шматгадовай засухай гэта прывяло да стварэньня «гаручага матэрыялу» для грамадзянскай вайны.
Канфлікт у Сырыі паміж прыхільнікамі й праціўнікамі прэзыдэнта Башара Асада працягваецца з вясны 2011 года. Ахвярамі вайны, паводле ацэнак праваабаронцаў, сталі ўжо больш за 230 тысяч чалавек.
lenta.ru/ав