Жыхарам разьмешчанага каля «Фукусімы» горада дазволілі вярнуцца дадому
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
05.09.2015 13:02
Нараха стаў першым муніцыпалітэтам прэфэктуры Фукусіма, дзе адменены рэжым поўнай эвакуацыі.
polskieradio.pl
Улады Японіі дазволілі вярнуцца ў свае дамы жыхарам горада Нараха, эвакуіраваным пасьля аварыі на АЭС «Фукусіма-1» у сакавіку 2011 года. Пра гэта паведамляе The Japan Times.
Нараха стаў першым зь сямі муніцыпалітэтаў прэфэктуры Фукусіма, дзе адменены рэжым поўнай эвакуацыі. Раней у горад, разьмешчаны ў 20 кілямэтрах ад АЭС, захацелі вярнуцца крыху менш за палову з 7,3 тысячы жыхароў. Аднак у бліжэйшы час, хутчэй за ўсё, гэта зробяць толькі 780 чалавек, якія пачалі рыхтавацца да пераезду.
Масаваму вяртаньню жыхароў перашкаджае адсутнасьць інфраструктуры. Толькі ў ліпені ў горадзе адкрыўся першы супэрмаркет зь бясплатнай дастаўкай тавараў на дом. Першая клініка запрацуе ў Нараха ў кастрычніку.
Усе перасяленцы атрымаюць дазымэтры для замеру ўзроўню радыяцыі. Пры гэтым на мясцовай станцыі па ачыстцы вады будзе праводзіцца кругласутачны маніторынг вады.
Вяртаньне жыхароў стала магчымым пасьля правядзеньня дэзактывацыі, якая завяршылася ў красавіку 2015 года. Раней улады адмянілі рэжым эвакуацыі ў адным з раёнаў горада Тамура і ўсходняй частцы вёскі Каваучы.
lenta.ru/ав