Logo Polskiego Radia
Print

Пяць краін надалей будуць дамагацца стварэньня трыбуналу па „Боінгу“

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 31.07.2015 11:28
Гэта адбудзецца праз два месяцы, мяркуе кіраўнік МЗС Украіны.

Новая спроба дамагчыся ў Рады Бясьпекі ААН згоды на стварэньне трыбуналу па катастрофе „Боінга“ MH17 на Ўкраіне будзе прадпрынятая праз два месяцы, заявіў міністар замежных спраў Украіны Павел Клімкін у інтэрвію агенцтву „The Associated Press”.

Паводле яго, асноўным аргумэнтам Расеі, якая вырашыла накласьці вэта на рэзалюцыю РБ ААН аб стварэньні трыбуналу, было тое, што гэты крок зьяўляецца заўчасным. Масква зьвярнула ўвагу на тое, што вынікі расьсьледаваньня будуць гатовыя не раней за кастрычнік.

Праз два месяцы, калі будзе гатовая справаздача, пяць краін - Малайзія, Аўстралія, Нідэрлянды, Бэльгія і Ўкраіна - маюць намер паўторна зьвярнуцца ў РБ ААН з патрабаваньнем стварэньня трыбуналу.

Нагадаем, у сераду за прыняцьце прапанаванага Малайзіяй праекту рэзалюцыі па стварэньні міжнароднага трыбуналу, прагаласавалі 11 з 15 краін-сябраў Рады Бясьпекі. Ангола, Кітай і Вэнэсуэла ўстрымаліся. Аднак Расея - пастаянны член Рады Бясьпекі - заблякавала прыняцьце дакумэнта, скарыстаўшыся правам вэта.

Нагадаем, у выніку катастрофы самалёта „Malaysia Airlines”, які 17 ліпеня 2014 году зьдзяйсьняў рэйс з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, загінулі 298 чалавек, то бок усе пасажыры й экіпаж „Боінга“ .

bbc.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт