Ісламская дзяржава змагаецца з Твітэрам
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
03.03.2015 11:35
Экстрэмістам не падабаецца, што сэрвіс выдаляе іх акаўнты, фатаграфіі й відэа.
Прадстаўнікі экстрэмісцкага руху „Ісламская дзяржава” прыгразілі сьмерцю аднаму з заснавальнікаў сэрвісу „Твітэр” Джэку Дорсі, а таксама заклікалі ўсіх джыхадыстаў забіваць яго супрацоўнікаў за выдаленьне акаўнтаў, фатаграфій і відэа экстрэмістаў. Пра гэта паведамляе адзін з амэрыканскіх парталаў.
На сайце для ананімнай публікацыі тэкставых нататак „Pastebin” зьявілася заява ад імя Ісламскай дзяржавы, у якой асуджалася рашэньне Твітэра зачыняць акаўнты ісламістаў і гаварылася, што кіраўніцтву й супрацоўнікам кампаніі варта баяцца рэакцыі ў адказ:
„Ваша віртуальная вайна супраць нас абернецца сапраўднай вайной супраць вас, ” - гаворыцца ў паведамленьні.
Служба бясьпекі Твітэра зьвярнулася да праваахоўных органаў ЗША для сумеснага расьсьледаваньня пагрозаў у адрас аднаго з заснавальнікаў кампаніі й іншых супрацоўнікаў з боку экстрэмісцкага руху.
Нагадаем, Твітэр таксама, як „YouTube” неадкладна выдаляе відэа пакараньня закладнікаў з акаўнтаў, зьвязаных зь Ісламскай дзяржавай.
buzzfeed.com/svaboda.org/аз