Летува вяртае абавязковую ваенную службу
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
25.02.2015 10:00
Вярнуць абавязковую ваенную службу плянуюць з-за зьмены геапалітычнай сытуацыі.
Фота: "Беларускія навіны"
На паседжаньні летувіскага Дзяржсавета па абароне прынятае рашэньне ініцыяваць вяртаньне абавязковай ваеннай службы.
Прэзыдэнт Летувы Даля Грыбаўскайтэ сказала, што вярнуць абавязковую ваенную службу плянуюць з-за зьмены геапалітычнай сытуацыі.
„Неабходна дадаткова ўмацоўваць узброеныя сілы краіны. Са зьменай геапалітычнай сытуацыі армія і ў мірны час павінна быць падрыхтавана адпаведным чынам да абароны дзяржавы. Сёньняшняя геапалітычная абстаноўка патрабуе ўзмацненьня й хуткай камплектацыі арміі. Таму Дзяржсавет па абароне прыняў рашэньне: неабходна часова, на пяцігадовы пэрыяд, аднавіць абавязковую ваенную службу”, - сказала Грыбаўскайтэ.
Кожны год плянуецца прызываць па 3-3,5 тысячы мужчын. Вайсковы абавязак будзе тычыцца мужчын ва ўзросьце ад 19 – да 26 гадоў.
Ад абавязковай ваеннай службы вызваляюцца студэнты, адзінокія бацькі, якія выхоўваюць дзяцей, асобы, непрыдатныя да службы па стане здароўя.
Калі парлямэнт ухваліць прапанаваныя папраўкі, то першы прызыў адбудзецца ўжо ў верасьні.
Цяпер у Летуве – прафэсійнае войска.
delfi.lt/аз