Першы візыт - у Ватыкан
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
20.06.2014 17:19
Новы кароль Гішпаніі зь першым замежным візытам падасца ў Ватыкан.
Новы кароль Гішпаніі Фэліпэ VІ свой першы замежны візыт у якасьці кіраўніка дзяржавы зьдзейсьніць у Ватыкан, паведаміў у пятніцу міністар замежных спраў краіны Хасэ Мануэль Гарсія Маргальё.
У Ватыкане Фэліпэ быў ужо некалькі разоў, у прыватнасьці, пасьля шлюбу ў 2004 годзе ён падаўся туды з сужонкай, каб атрымаць благаславеньне пантыфіка Яна Паўла ІІ.
Па словах міністра, акрамя Ватыкану, у парадку паездкі новага кіраўніка дзяржавы — Марока, Францыя і Партугалія.
Кіраўнік гішпанскага МЗС пацьвердзіў, што Фэліпэ VI у верасьні будзе прысутнічаць на Генэральнай Асамблеі ААН, "каб выпрацаваць замежную палітыку Гішпаніі і абараняць яе кандыдатуру ў Раду Бясьпекі ААН у 2015-2016 гадах".
За ўсе папярэднія гады Фэліпэ зьдзейсьніў усяго 200 замежных візытаў, большая частка якіх прыпала на краіны Лацінскай Амэрыкі, дзе тады яшчэ прынц Астурыйскі прадстаўляў краіну на інаўгурацыі новых кіраўнікоў дзяржаў.
эб