Logo Polskiego Radia
Print

Украіна абмежавала час прабываньня расейцаў на сваёй тэрыторыі

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 07.04.2014 15:55
Ва Ўкраіне ўступаюць у сілу абмежаваньні на тэрмін знаходжаньня на яе тэрыторыі грамадзян Расеі.


Згодна з новымі правіламі, уведзенымі Дзяржаўнай памежнай службай краіны, а таксама Міністэрствам замежных спраў, расейцы змогуць знаходзіцца ў рэспубліцы ня больш за 90 дзён на працягу паўгода (ад даты першага ўезду).

Як паведамілі ў памежным ведамстве Ўкраіны, гэтае рашэньне было прынятае ў адказ на ўвядзеньне абмежаваньняў расейскім бокам, які з 1 студзеня 2014 года ўстанавіў для грамадзян Украіны падобныя тэрміны знаходжаньня на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.

У выпадку парушэньня тэрмінаў знаходжаньня на тэрыторыі ўкраінскай дзяржавы, памежнікі будуць адмаўляць расейцам у паўторным уезьдзе ў краіну. Акрамя таго, яны абяцаюць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці людзей, якія перавысілі ліміт знаходжаньня ва Ўкраіне.

Да гэтага часу грамадзяне Расеі, якія прыязджалі ва Ўкраіну, маглі там знаходзіцца да трох месяцаў. Калі гэты тэрмін закончваўся, яны павінны былі выехаць з краіны, але мелі магчымасьць адразу ж вярнуцца назад.

Раней украінскія ўлады таксама выказваліся за ўвядзеньне візавага рэжыму паміж Украінай і Расеяй. Аднак кіраўніцтва краіны адмовілася ад гэтай ідэі.

Цяпер паміж Украінай і РФ існуе бязьвізавы рэжым, а грамадзяне дзьвюх краін могуць перамяшчацца ня толькі па замежных, але і па ўнутраных пашпартах.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт