Logo Polskiego Radia
Print

З-за сьнежнай буры ў ЗША загінулі 25 чалавек

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 15.02.2014 09:44
Колькасьць загінулых у выніку сьнежнай буры ў ЗША, па ўдакладненых зьвестках, дасягнула 25 чалавек.


У ліку загінулых апынулася цяжарная жыхарка Нью-Ёрку, якая трапіла пад сьнегаўборачную машыну. Лекарам удалося выратаваць дзіця загінулай праз кесараў перасек. У ліку ахвяр непагадзі двое чалавек, якія дапамагалі выехаць грузавіку, што захраснуў у сьнезе на шашы ў Паўночнай Караліне.

З-за сьнежных бур на тэрыторыі ЗША 14 лютага былі адмененыя больш за 2 тысячы авіярэйсаў. У выніку неспрыяльных умоў надвор'я тысячы замоўцаў не атрымалі своечасова кветак - традыцыйнага падарунку ў Дзень сьвятога Валянціна. У розных частках ЗША без электрычнасьці засталіся каля 1 мільёна 200 тыс. чалавек. У васьмі штатах - ад Вірджыніі да Мэна - ужо некалькі дзён не працуюць школы.

Зіма 2013-2014 гг. стала ў ЗША рэкорднай па колькасьці ападкаў. Паводле стану на пачатак лютага, у Вашынгтоне, Дэтройце, Бостане, Чыкага, Нью-Ёрку і Сэнт-Луісе выпала дзьве-тры сярэднегадавыя нормы ападкаў.

Шторм, які прынёс моцныя сьнегапады на Ўсходняе ўзьбярэжжа ЗША, увечары 14 лютага скіраваўся ў бок Канады. Аднак сыноптыкі прагназуюць на выходныя чарговую хвалю сьнегападаў, якія прынясе з сабой надыходзячы атмасфэрны фронт.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт