Logo Polskiego Radia
Print

Шэсьце за эўраінтэграцыю ў Кіеве

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 07.11.2013 10:22
Некалькі тысяч украінцаў выйшлі на вуліцы сталіцы, каб падтрымаць эўрапейскі выбар краіны.
Foto: facebook.com


У цэнтры Кіеву праходзіць шэсьце, арганізаванае апазыцыйнымі партыямі ў падтрымку эўраінтэграцыі Ўкраіны і вызваленьня экс-прэм'ер Юліі Цімашэнкі. Як перадае «Інтэрфакс-Украіна», на дадзены момант на Эўрапейскім пляцы і вуліцы Грушэўскага сабралася больш за дзьве тысячы чалавек.

Першая калёна зь сымболікай партыі «УДАР», дзяржаўнымі сьцягамі Ўкраіны, а таксама сьцягамі Эўразьвязу накіравалася па вуліцы Грушэўскага да будынку Вярхоўнай Рады. На чале калёны лідар «УДАРу» Віталь Клічко і дэпутаты ад гэтай палітычнай сілы. У складзе калёны ідзе пераважна моладзь.

Між тым, у Вярхоўнай Радзе пачалося пасяджэньне, на якім будзе разгледжаны шэраг «эўрапейскіх законаў» - дакумэнтаў, неабходных для падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі зь Эўрапейскім Зьвязам. Сярод іх - законапраект аб лячэньні за мяжой Юліі Цімашэнкі.

Паводле папярэдніх дадзеных, спачатку парлямэнт разгледзяць праект, які прадугледжвае, што хворыя зьняволеныя будуць вызваляцца ад далейшага знаходжаньня ў турме. Акрамя яго ў Раду былі пададзеныя яшчэ тры законапраекты, якія тычацца лячэньня асуджаных, аднак ніводзін з гэтых праектаў не сустрэўся з поўнаю падтрымкаю.

Афіцыйны Кіеў разьлічвае заключыць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ на саміце «Ўсходняга партнэрства», які пройдзе ў Вільні напрыканцы лістапада. На думку апазыцыі, улады краіны, нягледзячы на афіцыйна заяўлены курс на эўрапейскую інтэграцыю, маюць намер сарваць падпісаньне гэтага дакумэнту.

эб/lenta.ru

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт