Logo Polskiego Radia
Print

Штат Нью-Ёрк узяў на ўтрыманьне Статую Свабоды

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 14.10.2013 19:13
Улады штату Нью-Ёрк часова ўзялі на ўтрыманьне Статую Свабоды.
Фота: Эва Ячыньскі/polskieradionyc.com



Гэта дазволіла адкрыць у нядзелю музэй унутры манумэнту, які не працаваў апошнія 12 дзён. Пра гэта паведамляе CNN.

Урад штату пагадзіўся выплочваць 61 тысячу даляраў у дзень на ўтрыманьне турыстычнай славутасьці да часу, пакуль фэдэральны ўрад не зацьвердзіць бюджэту ЗША.

Паводле губэрнатара Нью-Ёрку Эндру Куома, такі крок эканамічна выгадны штату. Паводле апублікаванай у 2012-м г. справаздачы за 2011 год, выспу Свабоды наведалі 3,7 мільёна турыстаў, што прынесла прыкладна 200 мільёнаў даляраў прыбытку, а таксама дало працу дзьвюм тысячам чалавек.

Па словах кіраўніка музэю Біла Рудзіна, за час вымушанага прастою – з 1 кастрычніка 2013 г. – было скарочана 400 працоўных месцаў, а штодзённыя страты склалі прыкладна 35 тысяч даляраў (35 даляраў, якія плаціць кожны наведвальнік, памножаныя на сярэднюю колькасьць турыстаў – 10 тысяч чалавек у дзень).

Нагадаем, з 1 кастрычніка фэдэральныя ведамствы ЗША, у тым ліку ўрад краіны, часткова прыпынілі сваю працу з-за адсутнасьці бюджэту на 2014 год. Праекту бюджэту не ўдаецца прыняць з-за прынцыповых рознагалосьсяў паміж прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам і кансэрватыўным крылом Рэспубліканскай партыі ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт