Сапраўдная бітва разыгралася на вуліцах Каіру. У сталіцы Эгіпту з самой раніцы працягваецца зазгон дэманстрацый прыхільнікаў экс-прэзыдэнта. Прадстаўнікі мусульманскага руху ўжо месяц пратэстуюць на плошчах горада, патрабуючы вяртаньня да ўлады прэзыдэнта Мухамада Мурсі. Паводле розных ацэнак, загінула ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў чалавек, а некалькі тысяч паранена.
Паліцыя арыштавала некаторых лідараў руху “Браты-мусульмане”. Раніцай сілы бясьпекі распачалі разгон дэманстрантаў, якія падтрымліваюць экс-прэзыдэнта Мухамада Мурсі, адсунутага ад улады. Апрача Каіру, сутычкі паміж прыхільнікамі й супраціўнікамі дзейнай улады адбыліся таксама ў некалькіх іншых гарадах краіны.
Гашым з руху “Браты-мусульмане”, які зраніцы знаходзіўся на плошчы Рааба аль-Адавія, сказаў Польскаму радыё, што яго, а таксама тысячы іншых людзей акружыла войска. Паводле ягоных словаў, паліцыя карыстаецца агнястрэльнай зброяй дзеля разгону дэманстрацый.
Гашым: Нас акружылі з усіх бакоў – жаўнеры, паліцыя. Над намі лятаюць верталёты. Страляюць у нас з рознай зброі, карыстаюцца газам. Забілі ўжо сотні людзей.
Гашым адзначыў, што параненыя не атрымліваюць ніякай мэдычнай дапамогі. Параненыя людзі ляжаць на вуліцах.
Гашым: Людзі паміраюць і ніхто ня можа ім дапамагчы. Людзі падаюць, і ніхто ня можа іх падняць, няма лекараў, няма ніякай мэдычнай дапамогі.
Прыхільнікі Мурсі некалькі тыдняў ладзілі сядзячыя акцыі пратэсту ў палатачных лягерах, патрабуючы аднаўленьня прэзыдэнта на пасадзе, з якой ён быў зьняты войскам Эгіпту 3 ліпеня гэтага году. У заяве Міністэрства ўнутраных справаў гаворыцца, што пратэстуючым дадуць магчымасьць пакінуць лягеры і што ім не пагражае перасьлед, апрача тых, супраць каго распачатыя ўжо крымінальныя справы.
Эгіпецкія вайскоўцы зрынулі прэзыдэнта Мурсі на фоне масавых пратэстаў супраць ягонага кіраваньня. Генпракуратура дзяржавы прыняла рашэньне аб затрыманьні Мурсі на 15 дзён.
Сьведкі сёньняшніх пратэстаў кажуць, што службы бясьпекі страляюць у людзей зь верталётаў. У адным з каірскіх шпіталей адмаўляюцца прымаць параненых. Расказвае адмысловы карэспандэнт Польскага радыё ў Каіры Міхал Жакоўскі.
М. Жакоўскі: Я налічыў каля 25 чалавек, якіх гэты шпіталь не прыняў, паколькі ён не падтрымлівае дзейнасьці руху “Браты-мусульмане”. Па словах сьведкаў, верталёт завіс над месцам сутычак пратэстуючых з паліцыяй і снайпэры стралялі з яго ў людзей. Каля 20 чалавек было паранена з агнястрэльнай зброі. Людзі, якія былі на месцы падзеяў, расказваюць, што гэта проста жах, што там адбываецца.
Пратэсты працягваюцца з таго часу, калі войска адхіліла ад улады Мухамада Мурсі й прызначыла часовы ўрад, у які ўвайшлі прадстаўнікі апазыцыі. Патрыцыя Сасналь з Польскага інстытуту міжнародных спраў адзначае, што рашэньне пра разгон дэманстрацый сілаю не было для вайсковых простым. Экспэрт гаворыць, што вайскоўцам і так удалося ў нейкай ступені абмежаваць кровапраліцьце.
П. Сасналь: Доўгі час дэманстранты сядзелі на гэтых дзьвюх каірскіх плошчах, армія не рашалася іх разагнаць, хаця праходзілі тэрміны, якія ўлады давалі пратэстуючым, каб пакінуць плошчу. Учора быў першы дзень пасьля сьвята Рамадан, людзі вярталіся на працу, таму вайскоўцы спадзяваліся, што будзе ўжо менш дэманстрантаў. Ня дзіўна, што войска вырашыла разагнаць пратэстуючых. Чым даўжэй яны знаходзіліся на плошчы, тым больш прыхільнікаў да іх далучалася. Рух “Браты-мусульмане” раздражняў армію сваімі дзёрзкімі словамі, маўляў, у вас няма адвагі, каб нас разагнаць.
Такім чынам Эгіпту пагражае нават грамадзянская вайна. З аднаго боку на пачатку ліпеня па краіне пракацілася агромная хваля пратэстаў супраць палітыкі былога прэзыдэнта-ісламіста Мухамада Мурсі. Кіраўніцтва эгіпецкай арміі выкарыстала пратэсты й адхіліла Мурсі ад улады. Пасьля яго затрыманьня прыхільнікі Мурсі, перш за ўсё прадстаўнікі ісламскага руху “Браты-мусульмане” зладзілі па ўсёй краіне акцыі пратэсту. У сераду раніцай пачаўся жорсткі разгон дэманстрацый.
нг