Logo Polskiego Radia
Print

Рэйк'явік разарве адносіны з Масквой з-за закона аб гей-прапагандзе

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 13.07.2013 13:33
Абедзьве сталіцы аключылі пагадненьне аб пабрацімскіх адносінах у 2007 годзе.

Мэр Рэйк'явіка Ён Гнар заявіў пра намер разарваць партнэрскія адносіны з Масквой у сувязі з расейскай пазыцыяй у дачыненьні да ЛГБТ-супольнасьці. Пра гэта 12 ліпеня піша Iceland Review.

Як гаворыцца ў паведамленьні ўладаў Рэйк'явіка, мэрыя й праваабаронцы прапанавалі кіраўніку горада разарваць або ўнесьці зьмены ў пагадненьне паміж гарадамі "ў сьвятле таго, як у апошнія некалькі месяцаў разьвіваецца сытуацыя з правамі геяў, бісэксуалаў і транссэксуалаў у Расеі". Масква й Рэйк'явік заключылі пагадненьне аб пабрацімскіх адносінах у 2007 годзе.

Ён Гнар, які займае пасаду мэра Рэйк'явіка з 2010 года, вядомы сваёй сымпатыяй да ЛГБТ-супольнасьці. Так, у 2010 годзе ён зьявіўся на гей-парадзе ў жаночай сукенцы й з макіяжам, тым самым адкрыта падтрымаўшы геяў і лесьбіянак.

Закон, які забараняе прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін сярод непаўнагадовых, быў прыняты Дзярждумай РФ у канчатковым чытаньні 11 чэрвеня. Закон прадугледжвае штраф да 100 тысяч рублёў для фізычных асоб за распаўсюд інфармацыі, якая фарміруе ў дзяцей нетрадыцыйныя сэксуальныя ўстаноўкі й стварае "скажонае ўяўленьне аб сацыяльна раўнацэнных традыцыйных і нетрадыцыйных адносін".

Мэр Рэйк'явіка пасьля прыняцьця закона напісаў на сваёй старонцы ў Facebook паведамленьне з крытыкай закона.

lenta.ru/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт