Logo Polskiego Radia
Print

Р.Сікорскі ў Вашынгтоне

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 03.06.2013 14:00
Асноўны пункт візыту – сёньняшняя сустрэча зь дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры.
PAP



Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі знаходзіцца зь візытам у Злучаныx Штатаx Амэрыкі. Там ён выступіў на Глябальным форуме Амэрыканскага габрэйскага камітэту (American Jewish Committee). Удзельнікі канфэрэнцыі з авацыямі віталі словы міністра пра супольны лёс палякаў і габрэяў ды пра добрыя адносіны Польшчы зь Ізраілем.

З Вашынгтону перадае карэспандэнт Польскага радыё:

Радаслаў Сікорскі сказаў удзельнікам Глабальнага форуму, што палякі і габрэі разам змагаліся з фашыстамі. Ён нагадаў, што падчас Другой сусьветнай вайны загінула 6 мільёнаў польскіх грамадзянаў, з чаго 3 мільёны габрэяў і 3 мільёны католікаў, а Польшча была адзінай краінай, дзе дапамога габрэям каралася сьмерцю.

Міністар сьцьвердзіў, што Польшча памятае сваіх суграмадзян габрэйскага паходжаньня, пра што сьведчыць адкрыцьцё Музэю гісторыі польскіх габрэяў у Варшаве. Сікорскі запэўніў таксама, што Польшча змагаецца з антысэмітызмам. „Я сам асабіста падаў у суд на людзей, якія распаўсюджвалі антысэміцкі яд у інтэрнэце, і газэты, якія далі ім месца на форуме,” – нагадаў ён.

Радаслаў Сікорскі запэўніў, што Польшча ў добрых адносінаx зь Ізраілем, і заявіў, што Ізраіль мае права адчуваць сябе бясьпечна ў сваіх межах, а пагрозы ў свой адрас успрымаць сур’ёзна.

Удзельнікі канфэрэнцыі некалькі разоў перапынялі выступ міністра Сікорскага апладысмэнтамі, а ў канцы ўзнагародзілі яго авацыямі.

Марэк Валкускі, Вашынгтон




Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт