Расея – юрыдычная пустыня
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
30.08.2012 14:50
Пасьля ўступленьня Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (WTO) дзяржаву будуць прадстаўляць замежныя юрысты.
Чаму? Таму што ў тых, што навучаліся ў Расеі, недастатковыя кваліфікацыі.
Хаця расейцы 18 гадоў вялі перамовы аб уступленьні дзяржавы ў СГА, за гэты час не пасьпелі падрыхтаваць дастатковай колькасьці юрыстаў, якія маглі б прадстаўляць дзяржаву ў спрэчках унутры арганізацыі.
- Спачатку мы будзем вымушаны карыстацца дапамогай замежных канцылярый, якія займаюцца рознымі галінамі права СГА, – сказаў газэце „RBK Daily” прадстаўнік міністэрства рэгіянальнага разьвіцьця Расеі.
Спэцыялістаў па праву СГА не хапае па простай прычыне: дагэтуль Расея не прымяняла правіл арганізацыі й таму ў краіне такія спэцыялісты не былі запатрабаваныя.
Аднак цяпер Масква заплаціць за гэты недахоп. Паводле „RBK Daily”, адна гадзіна працы падчас вырашэньня спрэчкі ў межах СГА ў расейскага спэцыяліста каштуе 400 эўра, замежны спэцыяліст запатрабуе як мінімум у два разы больш.
Падрыхтоўка аднае тысячы юрыстаў, бо столькі іх патрэбна ў Расеі, абыдзецца расейскай эканоміцы ў 45 мільёнаў эўра. Столькі будзе каштаваць іх вучоба ў замежных ВНУ – мяркуе Іван Чэмнічоў зь фірмы „MEF-Audit”.
Расея - гэта дзяржава, якую найчасьцей выклікаюць у разнастайныя міжнародныя суды. Напрыклад, у арбітражным судзе ў Стакгольме ў 2011 годзе справы супраць Расеі складалі 20%.
Перад тым, як Расея ўступіла ў СГА, дзяржава рэгулярна парушала правілы гэтай арганізацыі. Звычайнай практыкай было накладаньне эмбарга фітасанітарнымі службамі па палітычных матывах.
яс/Dziennik Gazeta Prawna